Зязюля пракукуе заўтра… (зборнік). Анатоль Кудравец
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Зязюля пракукуе заўтра… (зборнік) - Анатоль Кудравец страница 24
![Зязюля пракукуе заўтра… (зборнік) - Анатоль Кудравец Зязюля пракукуе заўтра… (зборнік) - Анатоль Кудравец Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»](/cover_pre331710.jpg)
Валодзя ізноў прылёг на сена, доўга глядзеў у прагал між камлямі крайніх ад поля елак. Глядзеў не столькі на хату, як на тыя тры ромбікі ў франтоне. Непрыгожа яны чарнелі. Калі ёсць небяспека, то яна там, за імі. І гэта дошка… Як ён мог так коса яе прышыць?..
Валодзя падсунуў да сябе кулямёт, развярнуў раструбам у бок пасёлка, на Сцяпанаву хату, пацягнуў на сябе рамку прыцэла. «Колькі тут метраў? Сто ці болей? Соткі метраў шэсцьдзясят, вуліца дваццаць, і тут, да сотак… Значыць, сто… Возьмем сто дзесяць». Зноў зірнуў на хату з ромбікамі.
І убачыў Сцяпана. Які малайчына! Сцяпан, як прыліплы, сунуўся па сцяне хаты, з-за вугла да дзвярэй. Пастаяў ля дзвярэй, відаць, слухаў, што там, усярэдзіне хаты. Пацягнуў на сябе дзверы і знік за імі.
Было ціха ў сяле, ціха ў лесе. Так ціха, што Валодзя чуў, як шуміць кроў над вухам: «Шу-шу-шу!».
Анеля ўбачыла бацьку адразу, як толькі ён адчыніў дзверы. Яна ляжала на ложку пад тоўстай коўдрай – двое чорных вачанят над зялёным прасцірадлам. У нагах кажух – яго стары кажух. Пётрусь ляжаў побач, адвярнуўшыся да сцяны. Ён спаў.
Анеля ўскінула вачыма ўгору, на столь. Бацька зразумеў яе, кіўнуў галавой. Нячутна ступаючы, падышоў да ложка, прыгарнуў вольнай рукой падатлівыя дзіцячыя костачкі. На другім плячы ў яго была торба з бульбай. Зняў торбу, паклаў на лаўку, паказаў на яе вачыма. Дачка заківала галавой. Пастаяў, нешта думаючы.
– Нам не даюць выходзіць, – прашаптала дачка.
Бацька прыклаў палец да губ: «Ціха!» Сказаў аднымі губамі:
– Ідзіце да бабы.
Яшчэ раз прыціснуў дачку да сябе, зірнуў на сына. Спіць… Хай паспіць. Паўтарыў:
– Ідзіце да бабы.
Анеля пільна паглядзела на яго, быццам хацела пра нешта спытаць, але прамаўчала. Над галавою было глуха. Сцяпан яшчэ раз прыклаў палец да губ: «Маўчок!» Ён заўсёды рабіў так, калі між ім і дачкой была нейкая тайна. Анеля па-змоўніцку кіўнула галавой.
Чаму яго павяло на вуліцу, Валодзя не разумеў.
– Дурань, што ты робіш?!.
Вароты ў двор былі расчынены, і ў гэтым быў непарадак. Не трацячы шмат сілы, Сцяпан прыўзняў іх, вярнуў на месца, як яны і павінны былі стаяць, і вароты рыпнулі. Відаць, гэтага голасу хапіла, каб разбудзіць тых, на гарышчы. Праз ромбікі яны ўбачылі, як за варотамі павярнуўся і спакойна пайшоў па вуліцы чалавек – высокі, крутаплечы, у куфайцы. Ды гэта ж ён, Сцяпан! Здаецца, і ў Цераболі ўсё зрабілі, каб узяць, а не ўзялі. Выслізнуў. І тут маглі праспаць… Бач, да дзяцей пацягнула сволач. Пацягне, мы гэта ведалі. Вось ён, колькі тут – дзесяць, пятнаццаць метраў?.. Трое сутак прымусіў мерзнуць, падла. Але дачакаліся. Лепшай удачы не дажджэшся!.. Цікава, здагадваецца ён пра засаду ці не? Канечне, не. Калі б здагадваўся, не падстаўляўся гэтак адкрыта, спіной, у куфаечцы… без аўтамата…
Чарга была кароткая і злая. Прашытая дзясяткамі куль куфайка на Сцяпанавых плячах проста ўліпла ў цела. Здавалася, што гэта і не кулі прайшліся, а дождж касым наваротам сыпнуў жменю кропель, пакінуўшы на куфайцы часты шнурок ад правага пляча да паясніцы