Мосцік над вечнасцю (зборнік). Сяргей Ваганаў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Мосцік над вечнасцю (зборнік) - Сяргей Ваганаў страница 22
Пара цвярозых галасоў проста патанае ва ўзнятай хвалі антысемітызму, адкрытага альбо прыхаванага. Узнятай не старымі закаранелымі антысемітамі, бо старыя па інтэрнэце наўрад ці шнараць. Але чаму іх нашчадкаў не напалохалі жахі Мінскага гета, а кранальныя споведзі былых ягоных вязняў, і ўвогуле эмацыйная насычанасць фільма, не вымусілі страсянуцца ад лёсу іх колішніх землякоў?!
Чаму?
Я працягнуў руку да кніжнай паліцы і ўзяў адтуль невялікую кніжку ў мяккай пажоўклай вокладцы з малюнкам, на якім быццам імкнуцца ў бой дзядок у вушанцы ды дзяўчына ў хустцы – абодва з дубальтоўкамі…
Гэтая кніжка была сярод першых, што я прачытаў у дзяцінстве, яшчэ мала разумеючы, што там напісана і што адбываецца наўкол. «Тата, – пытаў я, – а што такое гета?» Ён тлумачыў, я сціскаўся, нейкі шостым пачуццём адчуваючы здрадніцкую палёгку ад таго, што ў гета не быў… Колькі год кніжка стаяла ў бацькоўскай бібліятэцы на бачным месцы, а потым знікла…
Знікла адусюль.
Так пачыналася другая, ідэалагічная ліквідацыя Мінскага гета ў межах «канчатковага вырашэння габрэйскага пытання» па-сталінску.
Я вось думаю: чаму ў фільме АНТ так няўцямна ўзгадана пра Гірша Смоляра і існаванне ў гета нейкага супраціву, а пра ягоную кніжку «Мстители гетто» – ані слоўца? Кніжку, з якой, дарэчы, нягледзячы на забарону, колішні Інстытут гісторыі партыі злічаў усё, што таемна даследавалася пра Мінскае гета…
Дык вось, чаму? Ці не таму, што фільм, так бы мовіць, трапіў ў прайм-тайм, то бок у зручны для ягоных стваральнікаў час ідэалагічнага «новабуду» ў стаўленні ўладаў да «габрэйскага пытання». Ахвяры, жахі, помнікі, жалобныя мітынгі з удзелам афіцыйных асоб? Колькі заўгодна. Масавы ўдзел габрэяў, у тым ліку з гета, ва ўзброеным супраціве нацызму? Праз зубы. Дзяржаўны антысемітызм у СССР і на постсавецкай прасторы? Калі не табу, то маўчок.
У фільме цытуюцца «Адмысловыя правілы ратавання» невядомага аўтарства, якія нібыта існавалі ў Мінскім гета: «Не высоўвайся, сядзі ціха. Прыкінься, што цябе тут няма. Не глядзі ў вочы нацыстам і паліцаям. Дзеля выратавання прыдатны ўсе сродкі, акрамя здрадніцтва – даносчыкаў немцы забіваюць таксама. Калі ў цябе ёсць грошы, паспрабуй выкупіць сваё жыццё, але не спадзявайся, што яго табе прададуць…» І апошняе: МАЛІСЯ… Не ведаю, ці насамрэч існавалі такія правілы, ці гэта літаратурнае падсумоўванне трагічнага досведу жыцця на мяжы смерці. Але дакладна ведаю, якое правіла існавала насамрэч, і пра якое забыліся стваральнікі фільма: ЗМАГАЙСЯ!
Практычна ўсё, што ёсць ў гэтым фільме, ёсць у кніжцы Гіршы Смоляра. Але ўсяго, што ёсць у кніжцы Гіршы Смоляра, у фільме няма.
Нічога з дзясяткаў фактаў падпольнага і партызанскага супраціву вязняў гета. Нічога з мноства лічбаў і прозвішчаў, у тым ліку здраднікаў і нацысцкіх памагатых з боку габрэяў. Нічога з трагічных і гераічных лёсаў мсціўцаў і барацьбітоў…