У святой краіне выгнання. Ала Сямёнава
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу У святой краіне выгнання - Ала Сямёнава страница 6
А ў дарозе дзед распавядаў пра іх родны край. Якія там людзі. Як увесну ўсё цвіце, а ўлетку спее садавіна і гародніна. Зімой там няма лютых маразоў, летам – спёкі, а восень – улашчаная Богам, залатая, багатая.
…У свой горад яны прыехалі ўжо зазімкам, надвячоркам. Святла ў хатах яшчэ не палілі, дамы стаялі цёмныя, пагоркі – пад снегам, і Дане падалося: едуць нейкім тунэлем. Па-за часам. Па-за падзеямі. Недзе існаваў іншы свет, карыстаў плён перамогі, ачомваўся ад паражэння, прыкідваў набыткі ад нейтралітэту і адкрыцця Другога фронту. Вёў рахунак ахвяр, страт, болю. Недзе грымелі маршы перамогі і гралі мірныя вальсы. Недзе. Тут былі толькі гурбы снегу – і цішыня.
А да свайго горада быў яшчэ адзін – Вілейка. Казалі – Старая Вілейка. Бо недзе існавала і Новая.
У Вілейку прыехалі і зусім уначы. На хаду з платформы раскідалі рэчы, паўз увесь перон. На хаду – замаруджаным, павольным – дзед скокнуў на зямлю і прыняў на рукі Дану. Дзед быў зусім сівы, але спрытны, хударлявы, высокі. І вочы невыцвілым блакітам пазіралі на ўсіх халаднавата і спакойна.
Да дзедавага сябра яны і рушылі ў Вілейцы. Матчына накіраванне было ў Маладзечна, і яна цалюткі год ездзіла кожнага дня туды і назад. Затое для Даны гэта быў год казкі маленства. Дзедавы сябар быў каморнікам і жыў ва ўтульным старасвецкім доме. Вялізная кухня, гасцёўня з узорыстай кафлянкай, паўпусты дзіцячы пакой, спальня гаспадароў і пакойчык, дзе сталі жыць Азарэвічы. Іх вокны выходзілі на вуліцу, у гародчык з бэзам, а ўсе астатнія вокны ў доме глядзелі ў сад. Ён быў такі ж, як пазней судовы: пасярэдзіне – агарод (у судзе здзірванелы), а паабапал, паўз плот, прысады, альтанка з блакітнаватых хвоек і лаўка з акуратным столікам. Вербы, ліпы, бэз і півоні. А двор паміж хатай і свірнам – зялёны-зялёны. Газон – гэтае слова Дана тады пачула ўпершыню.
Электрычнае святло было толькі зрэдзьчасу, і ўвечары ўсе збіраліся спачатку ў кухні, а потым – у гасцёўні. Са столі побач з жырандоляй звісала на ланцужках парцалянавая 10-лінейная лямпа. Дана з малодшай дачкой каморніка Светай разглядвалі малюнкі ў кніжках, слухалі, што ім чытаў або распавядаў дзед. Вера Аляксандраўна, гаспадыня, нешта шыла, цыравала або чытала. Яе муж, Андрэй Мікалаевіч, або чытаў нешта сабе, або гуляў з дзедам у шахматы. А найчасцей яны ішлі з дзедам з хаты і вялі нейкія свае размовы. І не любілі, калі іх слухалі. Маці часцей за ўсё прыязджала позна ўвечары з Маладзечна, перакусвала і клалася спаць. Яна была заўсёды стомленая, тоненечкая, як свечка.
Там упершыню Дана па-сапраўднаму адчула свята. Каляды, Новы год, Вялікдзень. На Каляды былі цукеркі з амерыканскіх падарункаў, пячэнне, а галоўнае – яліна, з сапраўднымі свечкамі. А тыя цукеркі доўга віселі на ёлцы ў прыгожых абгортках – разам з цацкамі,