У святой краіне выгнання. Ала Сямёнава
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу У святой краіне выгнання - Ала Сямёнава страница 10
Ваза стаяла на цяжкім дубовым стале і дадавала старасвецкай важкасці знойдзеным дзедавым дабротам. А Луіза Генрыхаўна ставілася да вазы і да мэблі Азарэвічаў з павагай старога антыквара, што знайшоў нечуваны рарытэт. Луіза Генрыхаўна любіла рэчы трывалыя, самавітыя і надзейныя. Асабліва любіла дубовую шафу з бляшанай чорнай этыкеткай. Шафа была перакупленая ў маёра, што з’ехаў у Пухавічы, і надавала праўдзівасці легендзе пра астатнюю мэблю – хаця, на погляд Даны, сапраўдная гісторыя была куды цікавейшая. Але пра тое маці загадала аніколі ні словам не азывацца. Дана была паслухмяная дачка – а маці пэўна ведала: рамантычныя гісторыі не маюць вялікай пашаны ў тых людзей, што вызначалі і вызначаюць лёс многіх. Луіза ж Генрыхаўна нейкім генным чуццём, мабыць, адчувала сапраўдную «нямецкасць» шафы і дабрала да яе сімпатыі.
Як і Вольга Станіславаўна, Луіза Генрыхаўна любіла чысціню. І стромая лесвічка ў два пралёты з пераходам была, як і падлога ў хаце, заўсёды мала што вышараваная да яйкавай жаўцізны, але і засланая чысцюткімі ходнікамі, зробленымі нейкай вясковай майстрыхай з матузкоў розных тканін – яны былі светленькія, стракатыя, яркія.
Пазней, жывучы ў гарадскіх менскіх кватэрах з запляванымі лесвіцамі – чым далей да канца стагоддзя, тым больш, – Дана заўсёды згадвала ясную, як з просценькай казачкі, лесвічку: «У нейкім царстве, у нейкім гасударстве жылі-былі…»
Жылі-былі…
Луіза Генрыхаўна любіла рэчы, як відавочнае ўяўленне непахіснасці рэальнасці. Любіла рэчывы. Прысмакі. Гародніну. Садавіну. Мяса. Яйкі. Кароннымі яе днямі былі яшчэ дні кірмашовыя. Аднак тут займелася не абыякая суперніца – Ніна.
Плён зямлі
Кірмаш быў справай сур’ёзнай. Тут былі свае законы.