У святой краіне выгнання. Ала Сямёнава
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу У святой краіне выгнання - Ала Сямёнава страница 13
Як ён паглядаў на калякасцельных жыхароў, на суседзяў Даны?
Вопыт суіснавання
Ці не самыя прыкметныя суседзі былі Хмары. Іх хата – першая ад касцёла: два, адзін да аднаго, блакітнашэрыя дамочкі, прыгожая альтанка, гарод, два клёны, што звісалі над агароджай. Пазней новыя гаспадары ссеклі тыя клёны – яны ім цянілі агарод. І альтанка знікла…
Тады… Пані Хмара ў свае ці не дзевяноста гадоў дайсці магла ўжо толькі да плота свайго дворышча. Аднак – у капялюшыку, пальчатках, у гарнітуры шляхетна-арыстакратычнага пэрлёва-шэра-бэзавага колеру. Яе муж ішоў у касцёл таксама ў шэрым гарнітуры, абавязкова з парасонам – тросткай-лясачкай. Сёй-той памятаў яшчэ, якія скалікі строілі мясцовыя кабеты, калі гэты хлопец-зух, бухгалтар (прафесія – не на млыне кола круціць), у свае крышталёвыя дваццаць гадоў узяў шлюб са статэчнай удавой удвая старэйшай за яго.
Час замірыў і тыя порсткія плёткі, і прыцішыў дваццацігадовую розніцу, нібыта зменшыў яе. Двое людзей спакойна і годна падыходзілі да канца свайго жыццёвага шляху. У Даны яны так і засталіся на памяці. Сышлі з гэтага свету яны, калі Дана вучылася ў Мінску, неяк не за яе прысутнасцю, і не засталося адчування страты, што накладваюць немінуча хаўтуры. Нібыта адышліся Хмары – як дзень позняй, але прыветна-лагоднай восені.
А насупраць касцёла жылі дзве сястры Жыжылеўскія. У іх былі самыя прыгожыя флёксы ў гародчыку. А ў гародзе было ўсяго патроху – бульбы, гуркоў, маліны, трускалак. Гарод сыходзіў да дрэў, што выструніліся, як жывы плот. За дрэвамі – яркая, прыгожая лугавіна. За домам Жыжылеўскіх быў размешчаны дзіцячы дом, былы пансіён назарэтанак, адабраны ў іх падчас вайны немцамі. Праз шмат гадоў Дана прачытала ў адной кніжцы, выдадзенай у Ватыкане, што Хмары далі прытулак назарэтанцы сястры Імельдзе, калі немцы сталі гаспадарыць у доме сясцёр Хрыстовых.
А ў доме Жыжылеўскіх, на пару юнацтва Даны, жыла сястра Малгажата, калі адчынілі касцёл, месціўся першы святар, які распачаў афіцыйныя набажэнствы ў касцёле.
За дзіцячым домам жыла Хайтайба. Яна продала гародніну: моркву, капусту, буракі, памідоры, гуркі, цыбулю. І сама Хайтайба нагадвала нейкі дзіўны гароднінны гібрыд – ці то капусты з буракамі, ці то морквы з памідорамі. Разбухлая, з абсівераным рыхлым тварам, у нейкіх трантах: немагчыма было разабраць, дзе спадніца, дзе камізэля, дзе хустка.
Палонскія, што жылі насупраць Азарэвічаў, пабудаваліся тут, прыехаўшы з вёскі, і ён адразу пачаў рабіць на мясакамбінаце.