У святой краіне выгнання. Ала Сямёнава
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу У святой краіне выгнання - Ала Сямёнава страница 11
– І адкуль вы такая спраўная? – рагатаў дзядзька. Яму відавочна падабалася весці гандаль з гэтай кабетай: ну што за кірмаш, калі словам не перакінешся?
Ніна ўжо на хаду нешта вясёла крычала і неслася далей. Ухапіўшы ледзь не тузін куранят і сунуўшы Дане кошык з яблыкамі, яна вяла свой маналог: «Во акурат, крыху іх падгадую – і ў смятане, з баравічкамі і з бульбай». Дана ведала, што ў смятане, з баравічкамі будзе гатаваць маці, але Ніне не пярэчыла, хай сабе галёкае. Яе фэст. Ды Ніна і не пачула б, ляцела, што ганчак за зайцамі. А было дзе раскашавацца – кірмаш быў ад гары Міндоўга і да таго месца, дзе пазней нейкі час быў аэрапорт, лёталі «кукурузнікі», сорак хвілін – і ў сталіцы. Як вецер, то быў «кукурузнічак» як трэнажор для касманаўтаў, а нічога: тутэйшы народ трымаўся, што табе тузін Гагарыных: самалёцік меў якраз дванаццаць месцаў.
Дык тым часам Ніна бегла да вазоў на ўзгорак, вярталася ў павільёны з мясам, борздзенька нахілялася, каб пакаштаваць масла, яшчэ патузаць куранят, ухапіць сыру – гаспадыні кідалі саломы на брукаванку і раскладалі тут свой тавар у кошыках: масла ў зялёным лісце капусты або ў палатнянай чысценькай анучыне, сыр, смятана ў слоіках. Яблыкі, ігрушы, слівы, вішні, чарэшні продалі ўсё больш з вазоў – прывозілі многа, парэчкі, агрэст, маліну, клубніцы таргавалі таксама не менш як кошыкамі. На тую пару ў іх ніхто не меў моды ні прадаваць, ні купляць шклянкамі – такой абразы гандлю ніхто б не знёс. Вялікія гарады былі далекавата, даехаць да іх горада было не проста – чыгункі не было, аўтобусы яшчэ доўга не засвойвалі мясцовую прастору, уласны аўтамабіль быў немаведама якой раскошай. І мінчукі, якім здаралася трапляць у іх горад, глядзелі на мясцовы кірмаш як на філіял зямнога раю. А нехта і злосна кідаў: «Распанелі – заходнікі! Вось прыйдуць да вас калгасы». Калгасы і сапраўды неўзабаве прыйшлі… Тыя кірмашы засталіся толькі ў памяці. І цэны тых кірмашоў – таксама…
Ніна, зразумела, не рабіла футуралагічных прагнозаў, яна жыла імгненнямі. Яна адчувала сябе гаспадыняй на кірмашы – зразумела пазней Дана. І – толькі што з вёскі – мела, мабыць, тут і роднаснае атачэнне. І ўмела ў ім аказаць сябе. Ад яе было не ўтоіць ёлкага масла, ці жарсткаватага тварагу, ці мяса кароўкі, пра год нараджэння якой не памятаў нават сам гаспадар.
Да таго ж на кірмашы былі ўсе. Шаўцы, краўцы, настаўнікі, урачы, людзі са швейнай фабрыкі, народ з трыкатажнай, з прамкамбіната, з ліцейнага цэха… Ішоў майстар з «Індпашыву» Бузук, цырульнік Гальдштэйн, прыгажуня-манікюрша, высокі саністы ганаровы грамадзянін рэспублікі Чэхаславакія, што партызаніў у тых краях, судмедэксперт Харытончык з жонкай, настаўнікі з яе, Данчынай, СШ № 2, «мэр» горада Ірына Паўлаўна, намеснік ваенкама Варава з жонкай, якую Дана ведала як цёцю Шуру, як увасабленне дабрыні і чалавечай спагадлівасці.
Гандлёвы, кірмашовы дзень…
Увечары Ніна і Луіза Генрыхаўна рабілі, так бы мовіць, рэестр перамог. Кожная хваліла куплёнае суседкай: гэтага вымагала этыка