У святой краіне выгнання. Ала Сямёнава

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу У святой краіне выгнання - Ала Сямёнава страница 12

У святой краіне выгнання - Ала Сямёнава Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»

Скачать книгу

ведаюць нешта такое, пра што сном-духам не ведаюць людзі. Увогуле ёй падабалася вясёлая мудрасць местачковай імпрэзы. Хаця мітусня, таргі, гвалт – тут Дана не ўмела дабраць цікавасці. Мо таму, што была толькі сведкай і Ніна нават спробы не рабіла, каб далучыць яе да сваіх ведаў, да таямніц куплі-продажу, да ўласцівасцяў рэчаў: што такое ёлкае масла? Мо таму, што Дана не мела да гандлю прыроднага спрыту. Так і не займела ніколі. «Ат, паненка», – махала на яе рукой Ніна. І злавалася, калі Дана ўставала да ўзыходу сонца, прыцемкам, каб сустрэць пачатак дня на замку. «І чаго ўзбілася? Сама спаць – канікулы, рабіць ёй няма чаго!» Дана не магла растлумачыць Ніне, чаго яна ўставала на золаку і імчала на гару.

      Інтанацыі жыцця

      Узыход сонца ўвогуле было лепш за ўсё сустракаць на замку. Сонца толькі-толькі з’яўляецца, перасоўваецца ад Сяльца да Градзілоўкі, што яшчэ не мела свайго сумнага прызначэння як месца вечнага спакою, а была ўтульным лясочкам з рачулкай і млыном.

      Свет суцішыўся ў будзённа-ўрачыстым чаканні дня. Гаючая самота. Сума гадоў яшчэ не абавязвае, не пагражае, не прыціскае да зямлі, нагадваючы: «Таму што зямля ты і ў зямлю сыдзеш». Душа засяроджана. І лётна свабодна. Далягляды прыгожыя і на пару Данчынага дзяцінства яшчэ не маюць дакучных адзнак цывілізацыі. Мабыць, усё так, як было ў часы Гражыны. Ці Міндоўга. І нехта таксама глядзеў адсюль на спакой зяленіва і Боскую чысціню неба. І аднекуль таксама пазіраў на яго Анёл Боскі. Чаму, дарэчы, Анёл іх горада з шалямі і цёмны, нібыта на яго ўпаў цень? Што ён узважвае – рух жыцця, яго зменлівыя абліччы? Можа, час? Прыкідвае – каму колькі гадоў адшкадаваць? А магчыма, вызначае меру поспеху? Меру славы і няславы? Меру таленту? Меру сумлення?

      Дана зазвычай углядвалася ў неверагодную верагоднасць фарбаў, ліній, абрысаў, ідучы абарончым валам. Потым скіроўвалася самым стромым схілам гары на дно былога рова (напрадвесні і вясною тут заўсёды вада), бегма бегла на наступны пагорак, з яго – у парк, да сажалак, і паўз ручай, цыркліва негаманкі, цацачна нешырокі, выкіроўвалася да прыступак фарнага касцёла – фары.

      Тут Дана зазвычай прыпыняла хаду, ішла доўга, павольна, садзілася на лаўку ля касцёла. Проста сядзела. Слухала птушак. Глядзела на дрэвы. І адчувала амаль фізічна гармонію існага. Раніцы. Цішыні. Свежасці. Адчувала на сабе ясвіны святла вялікай Загадкі Быцця.

      Гадзін у сем дзверы касцёла расчыняліся. Там было строга-прыгожа. Заўсёды – многа кветак. Увесну – бэз і півоні. У ліпені – белыя лілеі. У жніўні – гладыёлусы і астры. А потым ад восені да самай вясны – хрызантэмы. Асабліва ёй падабаліся лілеі і хрызантэмы. І дзіўна – у пакоях у хаце пах лілеяў меў нейкую склівую слодыч, быў даўка-задушны. Тут, у храме, пах раствараўся ў паветры, у прасторы і набываў адухоўленую вытанчанасць, рабіўся ўстойліва-няўлоўным. Нейкім асаблівым хараством выдавалі лілеі каля абраза святой Тэрэзы – мо таму, што і святая, і кветкі былі сімвалам цноты і чысціні. Тоеснасць сэнсаў. А хрызантэмы – белыя як снег

Скачать книгу