У святой краіне выгнання. Ала Сямёнава

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу У святой краіне выгнання - Ала Сямёнава страница 14

У святой краіне выгнання - Ала Сямёнава Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»

Скачать книгу

урок, дык завітваў у такія эмпірэі, дзе яго ўжо мала хто разумеў, а ён нікога не чуў і не бачыў. Тым не менш – яго любілі, трошкі пацвельваліся, але не злосна, і ў свой аркестр ён нейкім чынам зацягнуў і старанных адэптаў школьнай навукі, і кончаных бэйбусаў.

      У доме, дзе жылі Азарэвічы, былі яшчэ тры кватэры. Той самы ларынголаг на першым паверсе, што часам абвяшчаў сваю нязгоду ці то з нейкімі высновамі свайго сямейнага жыцця, ці то ўвогуле са светапарадкам – тады ў іх хаце было шумна, гаспадар аказваў уладу спосабам старым, як шлюбны лад, і жонка выяўляла незвычайны для яе важкой постаці спрыт, порстка выскокваючы праз акно.

      Пасля перасялення Мазуркоў у гэтай трохпакаёўцы часта мяняліся гаспадары. Жыла старасвецкая пара з сястрой жонкі. Сястра, Вольга Іванаўна Ліпская, змусіла, не быўшы вялікай дзяячкай, адседзець тэрмін «за польскім часам», з прычын палітычных. Не пакінулі яе сваёй увагай немцы. Ну, а паваенныя саветы далі тэрмін трывалы. Аднак Вольга Іванаўна, у акулярах такой таўшчыні, што вачэй не відаць, была сталай чытачкай бібліятэкі, праглынала ўсе часопісы і закідвала Дану пытаннямі. А што там Еўтушэнка? Той толькі набываў вядомасць. А што піша Аксёнаў? А як зараз пачуваецца Максім Танк? А хто гэта – Уладзімір Караткевіч? А што новага надрукаваў Брыль?

      Нязбытная была ў гэтай жанчыны цікавасць да людзей. І вера ў добрае. Зведала пакуты, спазнала іх сэнс і перастварэнне душы пакутамі і праз тое – глыбінную сутнасць быцця… І дзень развітання з ёю быў вясновы, ясны, пагодны. І Анёл у цені сваіх крылаў, мабыць, узважваў у той дзень на сваіх вагах меру дабраты і даравання… Можа, заўважыў і машыну Антона Іванавіча, суседа яе, што выпраўляўся ў чарговы рэйс. Машыну сваю ён любіў, даглядаў, як рысака з радаводам, і вёў свой аграмадны «МАЗ» адначасна засяроджана і гуляючы. І з далёкіх сваіх рэйсаў вёз усё ў свой дом. Дзе была жонка, Ліза, пра якіх у народзе кажуць: «У дзеўках – поўная вуліца, у жонках – поўная печ». Што тых слоікаў – з варэннем, з кампотамі, што кумпякоў вяндліны, кілбасаў – было-было ў доме.

      А галоўным аўтарытэтам у доме была Вольга Станіславаўна. Хіба што жыхары на першым паверсе, у двухпакаёўцы, не падзялялі таго піетэту. Самога, таямнічага супрацоўніка НКУСа, амаль ніколі не было ўдома. Затое яго адсутнасць кампенсавалі сваёй неаспрэчнай заўсёднай прысутнасцю жонка Клаўдзя Фёдараўна і яе маці. Абедзве яны нідзе не рабілі – вялі дом. Вялі ўзорна, Клаўдзя Фёдараўна, маладая жанчына, мабыць, мела ахвоту быць на людзях, але з-за адсутнасці асяродка, што мела б столькі ж вольнага часу, як яна, больш займалася хатай, і цэлымі гадзінамі яны з маці сядзелі на вышараваным да жаўцізны, як і лесвіца, ганку і вышывалі. Клаўдзя Фёдараўна была гладка ўчасаная, з тонкімі рысамі твару, дагледжаная, ненатомленая, зазвычай у крэпдэшынавых квяцістых сукенках. Калі яна ўставала з ганка, дык здавалася, што нехта жартам падкінуў да гэтага тонкага твару і зграбнай таліі важкія, сялянскія клубы. Але Клаўдзя Фёдараўна на комплексы не пакутавала, была задаволена сабой, сваім жыццём,

Скачать книгу