У святой краіне выгнання. Ала Сямёнава

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу У святой краіне выгнання - Ала Сямёнава страница 17

У святой краіне выгнання - Ала Сямёнава Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»

Скачать книгу

вырашылі далей пралога казкі не пасоўвацца. Дана таксама яшчэ не мела на мэце, што казачны прынц, капітан Грэй, князь Балконскі павінны з’явіцца да яе. Дана была згодная на чужы баль. Але ж не было нікога, падобнага на Руі Блаза, Асоль ці хаця б на Наташу Растову!

      Няўжо прыгоды больш не адбываюцца на іх зямлі? У іх горадзе рыцараў і герояў? Ніякага мройна-ўзнёслага свята, толькі строгія воклічы маці: «Выпрастай спіну, што ты як ваду нясеш?», «Не хіхікай», «Ты не змерзла?» А можа, некаму здавалася ўсё зусім інакшым? І для некага гэта быў баль? І свята? Вось для іх, незнаёмых, недасягальна дарослых старшакласнікаў? Яны збіраліся купкамі, гаварылі пра нешта сваё… І здаваліся Дане звычна-празаічнымі, як і настаўнікі, што сядзелі на лаўках ўздоўж сцяны. Толькі пазней Дана ўсвядоміла і ацаніла – 31 снежня, а дванаццатай гадзіне – настаўнікі былі ў школе! Са сваімі вучнямі!

      Першы баль не адбыўся. Дзіцячыя святы адыходзілі ў мінулае. Дана была расчараваная.

      І доўга яшчэ расчароўвалася ў святах, немаведама чаму чакаючы цуда, пакуль не зразумела – да свята трэба быць падрыхтаванай. Трэба набыць унутраны вопыт, каб спрычыніцца той радасці. У школе. Дома. У касцёле. У жыцці.

      Дыялог

      Затое вось гэтае свята было заўсёды з ёю. Будзённым днём. І ўрачыстым. У дзяцінстве і ў сталым веку. Вежы замка, касцёл пад чырвонай дахоўкай, зачынены і напаўразбураны, але ўсё роўна прыгожы касцёл дамініканаў, звівы вуліц, з якіх вясной лятуць маладыя і рамантычныя ручаіны – адвеку і заўсёды – маладыя і рамантычныя. За Ягайлам, за Міцкевічам, за Пілсудскім, за Брэжневым – маладыя і рамантычныя.

      Ім няма справы, які ў каго настрой. Які час, якая эпоха: ці то паскілзаюцца на схілах горада вершнікі магутнага князя, ці то фанабэрыста ляціць вазок асадніка, ці то фукае маторам эмтээсаўскі «газік». Зімой гэтыя вуліцы-горкі – пакаранне для ног, што ўжо досыць папахадзілі па зямлі, і вясёлая рызыка для ступакоў гарэзліва-ненатомленых. Канькі, прыстасаваныя да валёнак пастромкамі і драўлянымі друзачкамі (шык пасляваеннага часу), імчаць адсюль самі. І кожны хлопецзух пачувае сябе ўвасабленнем руху, вечна маладым, назаўсёды спрытным, на ўсё жыццё – бесклапотна-вясёлым. Імгненні лятуць, бы святочнае канфеці, свет – поўны зіхоткіх чараў.

      Дана не мела ні такога спрыту, ні такое рызыкі – яна з’язджала з замка на лыжах. Ці седзячы на ўласным футры. Разам са шчанюком Вітусам. А ягоная маці – аўчарка Рэгіна – пяшчотна-паблажліва пазірала на малечу: свайго нашчадка і маладую гаспадыню. Хай сабе гарэзуюць – на тое і маладосць. Колькі год было Рэгіне – ніхто не ведаў. Як вывез з Нямеччыны вайсковец, што займаў да іх кватэру, той самы, у якога была набыта дубовая шафа. Азарэвічы ці не месяц-другі жылі ў адным пакоі, пакуль маёрава сям’я не з’ехала ў Пухавічы. Ці то нечым упадабала Азарэвічаў Рэгіна, ці то былі яшчэ якія абставіны ў яе сабачым жыцці, аднак праз нейкі час аўчарка з’явілася ў іх доме. І стала паўнапраўным сямейнікам. Прыгажуня. З вачыма, што разумелі

Скачать книгу