У святой краіне выгнання. Ала Сямёнава
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу У святой краіне выгнання - Ала Сямёнава страница 20
Людзі Данчынага маленства – ці фарысействавалі, ці шчыра памыляліся, хто іх ведае, але цану памылкам сваім плацілі высокую, сваёй, не чужой, «гибелью всерьез». Галіна Яўгенаўна, пазней старшыня абласнога суда ў Гродне, калі яе везлі ледзь не ў непрытомнасці, каб рабіць тэрмінова пункцыю спіннога мозгу, даводзіла, лежачы на насілках: «Завязіце мяне ў суд. Мне трэба здаць партыйныя дакументы». Яна была сакратаркай партбюро. Цвікі, паводле таго вызнання паэта, былі б з яе кволай абалонкі нетрывалыя, але свой крыжовы шлях яна прайшла і Галгофу сваю займела. Дзеля чаго ахвяра? Яна была ўпэўненая, што дзеля спраўджанай справядлівасці. А ці была справядлівасць пазней? І ці ўвогуле яна была калі-небудзь на зямлі? Хіба што якімі момантамі. Спарадычна. Як нагадванне пра найвышэйшы закон. А што Анёл у цені крылаў? Што тыя сілы, да якіх звяртаецца амаль кожны, нават знявераныя, нават знясіленыя духам?
Пакуты і выпрабаванні – як сэнс жыцця з Хрыстом?
«Я вырашыў нічым не хваліцца, акрамя як Крыжам Пана нашага Ісуса Хрыста». «Цяпер радуюся ў пакутах маіх за вас і імкнуся дастачыць тое, чаго не стае ў плоці маёй ад пакут Хрыстовых». Ну, гэтае веданне было дадзена апосталу, а што нам, шараговым? Дане не хапала гэтай прасветленасці пакутай, хаця яна цярпліва трывала, надавала веры і тлумачыла сабе нават не тэарэтычна, а тым, што глыбей і вышэй за тэарэтычнае, – існаваннем Духа, што дае светлату і абнаўленне.
Выбар… Гэта заўсёды засталося нейкай стрэмкай у душы, нечым, што даецца цяжка і чаго хочацца пазбегнуць. Некуды адысціся, сысці. Збегчы. Выбар нагадваў пра дысанансы існуючага. І хацелася выпасці з рэальнасці, апынуцца ў нейкай прасторы і ў нейкім часе, дзе ўсе гэтыя мітуслівыя выбары, людзі, што лічаць сябе абраннікамі – людскімі і Боскімі – не ў цане. Дзе ўвогуле самога разумення «цана, каштарыс» не існуе. А ёсць упэўненасць, і вера, і тое адчуванне святла, што бывае толькі пасля цямніцы.
І няма ніякіх законаў,