У святой краіне выгнання. Ала Сямёнава
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу У святой краіне выгнання - Ала Сямёнава страница 22
Цвяроза-заклапочаны нават тут, Ямніцкі спрабаваў перавесці застолле ў дыскусійнае рэчышча: «А майму падсуднаму варта было пару год скасіць. Гэта не злачынства, гэта махлярства». – «Падавайце апеляцыю». – «Ужо напісаў. Паеду ў Вярхоўны». – «Ваша воля», – Кацявец карцінна схіляў галаву. «Трэба ж і гаспадыні явіць свае непрацэсуальныя таленты». Кулдыркаеў – Дана не ведала, хто ён, – заўсёды сядзеў моўчкі і толькі граў на акардэоне – Данчыным.
Нязбытную «Цыганачку» Вольга Станіславаўна не саступала нікому. У чорнай шаўковай сукенцы, у аксамітавай камізэльцы з блыскаткамі, з амерыканскіх дарункаў – яна доўга ішла павольна, толькі паводзячы плячыма, потым пачынала адбіваць рытм абцасамі, і ўрэшце толькі віхурна мільгацела спадніца, і здавалася, танчылі нават каралі на камізэлі. І толькі матчын твар быў нерухомы, засяроджаны, як таго вымагала класічная традыцыя цыганоў.
Калі пачыналася «мастацкая частка», клікалі і Дану. Яна павінна была граць на акардэоне або спяваць ці танчыць.
Праўда, чытаць вершы, і такія, якіх яна не ведала, аматараў была процьма. Чыталі Блока, Міцкевіча, Тувіма, Ясеніна, Надсана… А на акардэоне граў толькі Кулдыркаеў – але ён быў госць рэдкі. Данчына ж умельства граць на акардэоне было вельмі адносным. Маці наняла музыкантшу – тая, пабачыўшы, што ў дзяўчынкі ёсць слых і неблагая зрокавая памяць, хуценька навучыла яе вальсам, танга, а дзеля атракцыі яны засвоілі яшчэ і «Гумарэску» Дворжака. Там былі патрэбныя жвавыя пальцы, і неспрацаваныя рукі Даны скакалі па клавіятуры, беручы неймаверныя акорды – да вялікага захаплення гасцей. Дана ж даўно адчувала ва ўсім гэтым нейкі падман, але з чаго і як вучаць музыцы – не ведала. Маці неяк сама высветліла, што Дана не мае ўяўлення пра ноты, спытала пра «методу» – і абурылася страшэнна. Аднак Лідзія Сямёнаўна, пабраўшы «колейны» шлюб, з’ехала тым часам у невядомым напрамку. Выходзіць замуж было яе галоўным заняткам, сэнсам жыцця, хобі, а між іншым, дзеля рызыкі і грошай, яна давала ўрокі музыкі: на фартэпіяна і акардэоне.