У святой краіне выгнання. Ала Сямёнава
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу У святой краіне выгнання - Ала Сямёнава страница 24
Справядлівасць мараў і несправядлівасць рэчаіснасці
Здаецца, неўразуменні паміж дзедам і маці адбываліся не толькі з-за канфедэраткі. «Я не хачу нічога хаваць, – даводзіў дзед. – Я не злодзей. Я вярнуўся да сябе на радзіму». Маці садзілася на канапу, запальвала папяросу «Казбек» – іншых не ўжывала, – і выгляд у яе рабіўся такі, нібыта ўсе бядоты свету абрынуліся на яе.
«Зразумей, тата, пачнуць высвятляць, што, калі, як. Мне абавязкова з гэтай нагоды нагадаюць не толькі пра мужа, які згінуў падчас вайны немаведама дзе. Але і паходжанне. І сасланага бацьку. І… А ў Даны наперадзе жыццё». Аргумент быў неабвержны. Дзед сходзіў з хаты – гуляць у шахматы. Калі Дана перайшла ў трэці клас, ён з’ехаў да стрыечнага брата. Той жыў адзін і быў ужо зусім нямоглы: паміраў ад раку. Пахаваўшы брата, дзед прыехаў, але праз год выправіўся да малодшага сына. Да магілы жонкі. У Сібір…
Перад тым ён павёз Дану ў Вільню. Гара Гедыміна, Вострая Брама, касцёл Святой Ганны, сабор Пятра і Паўла на Антокалі… Касцёл, у якім ён браў шлюб са сваёй Марыяй. Не расказваў, больш хадзіў моўчкі, згадваючы нешта сваё. Толькі часам прамаўляў слова: «Што б табе ні згадвалі, ведай: самая мудрая кніга – Біблія. Чытай яе…» Дзед скрушна ўздыхаў – у тым страчаным у Гомелі куфры была і Біблія, і яшчэ патрэбныя кнігі, якіх сёння не знойдзеш. «Зараз табе б самы час пачынаць чытаць. Сёння ты, можа, і не зразумееш мяне. Прыйдзе час – зразумееш. Хачу верыць, зразумееш. Вось вы ў школе вучыце Багдановіча. А ты запомні такі ягоны верш: «Пагоня».
Усё лятуць і лятуць тыя коні,
Срэбнай збруяй далёка грымяць…
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.
А яшчэ памятай – калі Міцкевіч піша: «Litwо! Ojczyzno mojе», – ён гаворыць пра наш край, пра Беларусь. Мы – ліцвіны. Ты не забывайся пра гэта, што б там ні прапісалі ў пашпарце».
Чар Вільні застаўся на ўсё жыццё, хаця больш ніколі не давялося пабыць там хаця б некалькі дзён. Была ў Таліне, гадоў з дзесяць кожнага года ездзіла ў Юрмалу і адтуль наладжвала доўгія шпацыры на самоце ў Рыгу, а ў Вільні была заўсёды ад цягніка да цягніка. Дзень. Не было дзе прыпыніцца, не было да каго звярнуцца, а потым Вільня і ўвогуле сталася замежжам, ці то блізкім, ці то далёкім, але недасяжным. І заўсёды – з адзнакай