У святой краіне выгнання. Ала Сямёнава
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу У святой краіне выгнання - Ала Сямёнава страница 19
Ліст гэты ты павінна атрымаць напярэдадні, тады згадай сабе, што некалі жыла маладая, можа, прыгожая асоба з такім імем, што фігуруе ў календары. Звярніся да Яе, пад Яе абарону…
Не май сумніву, па той бок могуць быць у нас Сябры і Абаронцы. І калі нам цяжка, мы ва ўзбужэнні можам да Іх звяртацца і ў Іх шукаць парады. Толькі трэба прыслухоўвацца да Іх адказу, а можа, Іх адказ нам не заўсёды прыйдзецца даспадобы.
Мы жывём сённяшнім днём, але здараецца так, што тое, што сёння выдае важным, надалей у будучым прымае зусім іншую вагу».
«Sursum corda», – суцяшала Дану пані Магда. Sursum corda! Трымайся! Згадвала Дана пані Магду, калі было скрушна і крыўдна, калі лірычныя ілюзіі і рамантычныя мроі раструшчваліся безапеляцыйнай рэчаіснасцю, што шчарупкі пад ботам рыбара. І брала мудрую кнігу і чытала: «…бачыў я пад сонцам, што не прыткім даецца ўспешлівы бег, не харобрым – перамога, не мудрым – хлеб, і не ў разумных – багацце, і не спраўным – благасць, але час і выпадак для ўсіх».
Час і выпадак здараліся зрэдзьчасу, але здараліся. Былі дарункі жыцця. І знаёмства з пані Магдай і сястрой Малгажатай – з найважнейшых. І ведучы, больш падсвядома, у будзённай сумятні, падлік страт і набыткаў у адвечнай спрэчцы паміж марай і яе здзяйсненнем, спрадвечным і часовым, паміж Боскім і чалавечым, Дана ўсё сваё існенне ў чарадзе дзён адчувала іх прысутнасць у сваім жыцці як сімвал сапраўднага і справядлівага. Яны не прысутнічалі на дзействе яе жыцця, яны далікатна нагадвалі пра ідэалы і светлы наіў маленства.
Хаця рэчаіснасць пасміхалася з ідэалу і наіву. І ў гады маленства. І ў часы дарослыя. Падкідваючы дзействы па прынцыпу абсурду.
Прынцып абсурду
99,9 працэнта – іншых лічбаў статыстыка краіны не ведала. Толькі так – амаль аднагалосна. У адзіных шэрагах. У адзіным парыве.
«Адзіны парыў» рыхтавалі настаўнікі, службоўцы, розныя канцылярысты, актывісты-рабочыя. І, безумоўна, павінны былі весці рэй юрысты. Маці некалькі месяцаў запар прыходзіла ледзь не апоўначы. І яны, разам з Галінай Яўгенаўнай, суддзёй, ішлі пешшу – лютаўскай завеяй, па вёсках. З’яўляліся закуржавелыя, скасцянелыя – варылі бульбу, пілі гарбату. Галіна Яўгенаўна, адтаўшы, голасна смяялася і расказвала, як яна рабіла ў міліцыі маскоўскага метро. А на выбарчы ўчастак суддзя з’яўлялася, як на свята, у яркай-яркай сукенцы – гэты колер лічыўся надзвычай модным і зваўся «электрык». У працэсе і на працы Галіна Яўгенаўна заўсёды была ў суровым англійскім гарнітуры – ён выглядаў на ёй мундзірам. Можа, быў перашыты са старой формы? У госці ж да Азарэвічаў яна прыходзіла ў той самай яркай сукенцы, што і на выбары, заўсёды спявала, нібыта ўскрыквала, нейкія рускія прыпеўкі. І распеўна вяла шчымліва-голасныя песні. «В красной рубашоночке, хорошенький такой», – захаплялася