Ордэн Прамяністых. Зміцер Дзядзенка
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Ордэн Прамяністых - Зміцер Дзядзенка страница 4
Сусед нібыта чакаў, калі на Паўлавым твары мільгане пробліск пазнавання, і адразу павітаўся з ім:
– Добрага дня! Мне вельмі спадабаўся ваш даклад на аршанскай канферэнцыі – цікавы і змястоўны.
Павел ветліва, але халодна падзякаваў, не жадаючы працягваць размову, аднак суседа гэта не спыніла:
– Столькі цікавага вам удалося знайсці! Не паверыце, але я слухаў літаральна разявіўшы рот. Гісторыя, якую вам удалося высветліць, адна цягне на цэлы прыгодніцкі раман. Альбо нават можна па ёй зняць кіно – будуць глядзець з захапленнем.
Кміцічу стала прыемна, хаця ў глыбіні душы ён адчуў пэўную трывогу: было ў гэтым мёдзе славаслоўя штосьці падазрона-прытарнае, нейкі прысмак, які не даваў да канца паверыць у шчырасць выказанага… Каб адчапіцца ад назолістага суседа, ён стаў пазіраць у акно – ледзь не дэманстратыўна.
Суразмоўца адчуў, што яго кампліменты не дасягнулі жаданага выніку, і адразу ж загаварыў неяк похапкам, быццам спяшаючыся атрымаць сваю хвіліну ўвагі, пакуль журналіст не заснуў чарговы раз:
– Мне здаецца, што падобных таямнічых гісторый, звязаных з Аршаншчынай, можна знайсці безліч, толькі мы пра іх нічога або зусім нічога не ведаем. Альбо вось бывае такое, што нехта валодае рэдкімі дакументамі, але не мае вашай здольнасці вынесці іх на публіку ў цікавым, белетрыстычным, можна сказаць, выглядзе. Так, каб усе толькі раты паразяўлялі і сказалі: «Ах!»
Ён утаропіўся ў твар Кміцічу, пільнуючы, ці заглынуў яго слухач старанна падрыхтаваную прынаду. І дадаў, панізіўшы голас:
– Што б вы сказалі, калі б я паказаў вам дакументы, якія распавядаюць пра гісторыю таемнага містычнага ордэна, які дзейнічаў у Воршы ў 20-я гады? Вас бы гэта зацікавіла?
Ва ўсмешцы на яго глюгастым твары Кміціч угледзеў паразу сваіх спроб адчапіцца ад вагоннай размовы.
З ПРЭСЫ
Янка Купала вярнуўся дамоў
На гэтых днях вярнуўся ў Менск з падарожжа па Заходняй Еўропе беларускі народны паэта Янка Купала. У гутарцы з нашым супрацоўнікам Янка Купала паведаміў наступнае:
– У Заходнюю Еўропу я паехаў галоўным чынам лячыцца і правёў паўтара месяца ў Карльсбадзе (Чэха-Славакія).
Мне давялося спаткаць там нашых пісьменнікаў: Гартнага, Чарота і Зарэцкага. Усе разам мы паехалі ў Прагу, дзе былі вельмі шчыра і ветла спатканы навуковымі і літаратурнымі коламі. Прафесары Адольф Чорны і Мурка мелі з намі гутарку, прычым вельмі цікавіліся станам сучаснай беларускай культуры. Некаторыя пражскія газеты змясцілі нашы фатаграфіі, гутаркі з намі і інш.
З Прагі Гартны, Чарот і Зарэцкі накіраваліся ў Парыж, адкуль праз Берлін і Рыгу маюць хутка вярнуцца ў БССР. У Латвіі нашы пісьменнікі маюць быць з візітам у латвійскага міністра асветы Райніса і наведаць Дзвінскую беларускую гімназію.
– Ці давялося вам пабываць у Заходняй Беларусі?