Ордэн Прамяністых. Зміцер Дзядзенка
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Ордэн Прамяністых - Зміцер Дзядзенка страница 6
– Калі я зайшоў, ён быў мёртвы… А на грудзях у яго была прымацаваная белая ружа. Разумееце, белая ружа.
Хлюдзінскі з непаразуменнем паглядзеў на юнака: яму ні пра што не казала гэтая кветка, не выклікала ў яго ніякіх вобразаў і асацыяцый. Ён не мог зразумець, чаму Андрэй кажа пра белую ружу з такім болем і адначасовым жахам.
– І што гэта азначае? – нарэшце запытаўся ён у госця.
Той з роспаччу вымавіў:
– Пашкоўскі любіў белыя ружы, і на нашых сустрэчах ён заўжды ставіў на стол вузкую вазу з адной такой кветкай. Гэта быў такі своеасаблівы рытуал. Але пра яго, мабыць, ніхто па-за нашым колам не ведаў…
2009, снежань
Кміціч сядзеў і амаль бяздумна шчоўкаў па картах, раскладзеных у гульні на маніторы. Пасьянс «Павук» быў для яго своеасаблівай медытацыяй, спосабам расслабіцца.
– Во! Нармальны адпачынак офіснага клерка! – Павел нават не пачуў, як за спінай у яго з’явіўся галоўны рэдактар Аляшэўскі. – Яшчэ крыху – і пачняце, як нармальны менеджар, глядзець на працы парнушку цішком ад начальства…
Рэдакцыя газеты, у якой працаваў Кміціч, займала некалькі невялікіх памяшканняў у адным з офісных будынкаў у цэнтры Менска. Мабыць, больш правільна было б назваць гэта адным вялікім офісам, падзеленым знутры на некалькі пакояў. У рэдактара, натуральна, быў свой кабінет. Астатнія памяшканні былі застаўленыя сталамі з камп’ютарамі. Каўралін, якім была пакрытая падлога, з’ядаў гук крокаў.
– Прабачце, – Кміціч сумеўся і адным клікам мышкі згарнуў гульню ўніз экрана. – Не ладзіцца з тэкстам нешта. Думаў, удасца пераключыцца.
Аляшэўскі ўважліва паглядзеў на журналіста:
– Праўда? Выгляд у вас нейкі… ммм… ускудлачаны. Можа, адпачынак кароткі патрэбны?
– Адпачынак – не, – рашуча заявіў Кміціч, – а вось парада патрэбная.
Справа ў Кміціча была прыватная, але ў пустым памяшканні, якое займала рэдакцыя, яны былі толькі ўдвух, таму ні паніжаць голас, ні пераходзіць у іншы пакой неабходнасці не было.
Павел вырашыў распавесці рэдактару пра свае сумневы не таму, што моцна давяраў, а хутчэй з той прычыны, што дзве галавы – заўжды лепш, чым адна.
– У мяне тут чарговы раз праблемы з КДБ…
Зімовы дзень сквапнічаў, не хацеў дзяліцца сонечным святлом – у офісе яго замянялі лямпы дзённага асвятлення, халодныя, адстароненыя, абыякавыя. Пад такім святлом і размова гучала троху адстаронена і тэатралізавана.
– Зноў? – непрыхаванае здзіўленне гучала ў голасе Аляшэўскага. – Я думаў, што ўсё скончылася, калі памёр той кадэбіст, што вас пераследаваў. Вы ж казалі, што гэта было нешта асабістае, а не звязанае з працай! Я таму і надрукаваў даследаванне пра гэтыя архіўныя справы з золатам БНР…
– Не-не, – паспяшаўся Кміціч выправіць міжвольную аблуду свайго шэфа. – Гэта