Ордэн Прамяністых. Зміцер Дзядзенка
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Ордэн Прамяністых - Зміцер Дзядзенка страница 5
– Гэтыя сцены, – з ледзь прыкметнай усмешкай Хлюдзінскі абвёў рукой навокал, – чулі і бачылі столькі таямніц, што ім вы можаце даверыць шмат чаго. Але я згодны, што выдаваць чужыя таямніцы непрыгожа… Таму раскажыце мне тое, што зможаце.
Міжвольна Камар азірнуўся навокал, акінуўшы позіркам сцены, на якія паказваў гаспадар.
Гістарычны музей, якім загадваў Хлюдзінскі, месціўся ў старадаўнім барочным царкоўным будынку, які адлічваў ужо другое стагоддзе. Яго стромкі выштукаваны сілуэт нібыта ўсплываў па-над навакольнымі дамамі і быў бачны здалёк, яшчэ на пад’ездах да горада, нават калі падарожнік рухаўся з левабярэжжа Дняпра.
Напачатку за таўшчэзнымі мурамі размясціліся манашкі-базыльянкі, прадстаўніцы ўніяцкага ордэна, які паядноўваў заходняе і ўсходняе хрысціянства. Як распавядаў колісь Хлюдзінскі, уніяты быццам бы і маліліся па-беларуску, і дзяцей навучалі на мясцовай мове. Пазней, калі унію скасавалі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, тут атайбаваліся праваслаўныя манахі, і беларускую мову малітваў замяніла грувасткая царкоўнаславяншчына.
Так, гэтыя муры мусілі ведаць шмат чалавечых таямніц: яны чулі і пакаянны шэпт споведзей, і ліхаманкавыя перамовы ўніяцкага біскупа Васіля Лужынскага, які разам з Іосіфам Сямашкам падпісаў акт скасавання уніі, і задаволеныя масленыя галасы праваслаўных манахаў, якім задарма дасталася чужая маёмасць… Гэтак жа лёгка, як прыйшла яна да праваслаўных, так і сышла ад іх, калі бальшавікі адлучылі царкву ад дзяржавы і сіламоц забралі ладную частку царкоўных багаццяў. Казалі, што настаяцель царквы, які не хацеў пускаць узброеных чэкістаў у будынак, цяпер сплаўляе лес недзе ў далёкіх халодных лагерах.
Апошнія некалькі гадоў у старасвецкім будынку размяшчаўся гістарычны музей, і надзеі, што ў ім зноў загучыць царкоўны распеў, не было. Бадай што, адзіныя сакрэты, якія ў гэтых мурах сяліліся цяпер, датычылі экспанатаў гістарычнага музея ды нешматлікіх супрацоўнікаў гэтай установы, якой і кіраваў Хлюдзінскі.
Яго высокая фігура настолькі пасавала гэтаму ўзнесенаму над горадам будынку, што было цяжка ўявіць, як Хлюдзінскі можа змяшчацца ў памяшканнях з невысокімі столямі.
…Андрэй Камар з удзячнасцю паглядзеў на гаспадара:
– Разумееце, ёсць такая супольнасць людзей… Невялікая група. Не тое каб нейкая там арганізацыя – куды там! Проста такі нібыта клуб, дзе збіраюцца аднадумцы, абмяркоўваюць розныя пытанні…
Ён замаўчаў, падбіраючы выразы. Антон не прыспешваў госця, разумеючы, як таму складана цяпер, і не жадаючы неасцярожным словам збіць яго з тропу.
– Вы толькі не смейцеся, але мы там абмяркоўваем пытанні маральныя. Пытанні маральнага выбару, напрыклад, – нечакана прызнаўся малады чалавек. – Я разумею, што ў будучыні перад чалавекам не павінна стаяць такое пытанне, бо камунізм адпрэчыць усялякія падставы для неабходнасці маральнага выбару. Мне і галоўны рэдактар