Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Каралеўству патрэбны героi. Алег Грушэцкі

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Каралеўству патрэбны героi - Алег Грушэцкі страница 9

Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Каралеўству патрэбны героi - Алег Грушэцкі

Скачать книгу

і праціснуліся паміж народу, каб паглядзець, што адбываецца. На іх здзіўленне, там была сапраўдная батлейка. Нехта на вуліцы, побач з плотам адной з хат, паказваў лялечнае тэатральнае прадстаўленне. Усё было так прыгожа і цікава зроблена, што дзеці не маглі адарваць вачэй ад дзеі на сцэне. Гульня захапіла, і яны на пэўны час забыліся пра ўсё. Героямі пастаноўкі былі рыцар на кані, прыгожая каралеўна, цмок ды нейкі злодзей. Янка з Міланай глядзелі пастаноўку, унікаючы ў сюжэт, і да іх закралася думка, што ўсё гэта ім знаёма – постаці герояў, эпізоды…

      Янка з Міланай пераглянуліся, і іх вусны кранула лёгкая ўсмешка. Дзяўчына ўзяла брата за руку, і яны выбраліся з натоўпу. Адышоўшы крыху, хлопец прысеў да Вужа і паўшэптам спытаў:

      – Гэта што, мы?

      – Так, безумоўна. Вы зараз героі! Пра вас складаюць легенды.

      – Ну і справы…

      – А найгалоўнае – людзі па-ранейшаму вераць у вас і чакаюць, калі вы вернецеся і зноў паведзяце іх за сабой.

      Гэта вельмі ўразіла юнакоў. Янка прыпадняўся, не ведаючы нават, што і казаць, задуменна павярнуўшы галаву. І тут ён заўважыў, як з канца вуліцы з-за рага хаты выходзіць патруль. Ён быў яшчэ далёка, але тлум прыцягнуў яго ўвагу.

      – Жаўнеры! – напаўголасу выгукнуў Янка.

      Люд, што сабраўся вакол батлейкі, адразу пачуў гэта, і перасцярога хутка разнеслася да сцэны. Рэакцыя не прымусіла сябе доўга чакаць. Адразу ж батлейка была разабраная і перададзеная разам з іншымі рэчамі камусьці праз плот, а народ паспешна пачаў разыходзіцца ў розныя бакі. І ўжо праз імгненне ўсё было так, быццам нічога тут і не адбывалася.

      Нашы юныя героі хуткай хадой пакінулі межы вёскі, ублытвацца ў гісторыі ім зараз было не варта. І добра, што ў звыклай сялянскай вопратцы іх ніхто не пазнаў. Яны накіраваліся да лесу, у якім, схаваўшыся за дрэвамі, спыніліся і азірнуліся. Падаецца, ніхто ім не чыніў пераследу. Сярод густых хмызоў і дрэў можна было перадыхнуць, асцерагацца не было каго. І яны, супакоіўшыся, рушылі ў глыб лесу, да дома Пугача.

      Зараснікі далей рабіліся густымі і непралазнымі. Праз пэўны час кампанія прабіралася, як мядзведзі цераз кусты малін, трэск ад юнакоў стаяў не меншы. Праз якіх пару гадзін цяжкага вандравання Мілана спынілася і, пераводзячы дыханне, абаперлася на разгалістае дрэва.

      – Некалькі хвілін перадыхнём, добра? – звярнулася яна.

      – Так, вядома, – з разуменнем пагадзіўся брат.

      – Прызнацца, я трохі стамілася. Ідзём доўга, лес стаў зусім непралазны.

      – Добра, можна і маленькі прывал зрабіць. Наколькі я памятаю, тут ужо недалёка засталося, да цемры ў любым выпадку паспеем.

      – Так, – пацвердзіў Вуж. – Перадыхнём, яшчэ рывок, і будзем на месцы.

      Яны паселі вакол дрэва і моўчкі атрымлівалі асалоду ад той чароўнай цішыні, якая стаяла ў лесе. Як жа гэта цудоўна! Толькі недзе ўдалечы быў чуваць забіяцкі спеў нейкай адзінокай птушкі.

Скачать книгу