Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Каралеўству патрэбны героi. Алег Грушэцкі
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Каралеўству патрэбны героi - Алег Грушэцкі страница 8
– Здаецца мне, што будзе правільней адвесці вас да каралеўскай варты. Яна хутка разбярэцца з такімі разумнікамі.
Прызнацца, гэтыя словы крыху напалохалі Мілану. Але толькі не яе брата, які не разгубіўся.
– Не, вы нас усё ж такі не толькі адпусціце, а яшчэ і праведзяце бяспечнай дарогаю, – прамовіў, не паддаючыся на іх пагрозы, хлопец. – Ды такой, каб нам не сустрэць больш ніводнага каралеўскага патруля.
– Ха, гэта яшчэ з якой нагоды?!
– А з такой! – сур’ёзна сказаў Янка і палез за пазуху. – Зараз я дастану свой прыхаваны мех, і мы з вамі пройдземся да найблізкага балота. Недзе, як я памятаю, было тут адно.
Як толькі злыдні пра гэты пачулі, тут жа змяніліся ў тварах.
– Не-не-не, – нават адступілі яны назад. – Не трэба мех, не трэба балота. Мы вас, вядома ж, правядзём. Чаму б не дапамагчы старым знаёмым?
Адзінае, чаго злыдні баяліся больш за ўсё, – гэта патрапіць у мех і быць кінутымі ў балота.
– Іншая размова! – задаволена прамовіў Янка, дастаючы руку. – Вядзіце!
– Добра, добра, – прабурчаў галоўны.
Ён выштурхнуў аднаго са сваіх памагатых і прамовіў:
– Вось вам павадыр, ён тут усе сцежкі і патрулі ведае. – Потым звярнуўся і да свайго суродзіча: – Правядзеш нашых знаёмых, куды яны скажуць. Потым вяртайся.
– Так, – падпарадкаваўся той.
– Дзякуй! З вамі прыемна мець справу, – з усмешкай выказаўся Янка. – Я ведаў, што мы дамовімся.
– Яшчэ б! З такімі майстрамі дамаўляцца, – насупіў бровы галоўны.
– Тады не будзем больш адымаць ваш час і адцягваць ад службовых абавязкаў. Да сустрэчы!
– Бывайце здаровыя!
І ўсе разышліся: злыдні пайшлі абыходзіць тэрыторыю, а нашы героі рушылі да вёскі, якая стаяла на шляху да Пугача.
Толькі цяпер яны ішлі зусім іншымі сцежкамі, чым падчас першага падарожжа. Семаргал зрабіў высновы з гісторыі падзення Волха, і многія дарогі цяпер патруляваліся. Карантышка-злыдзень раіў ім прытуліцца і ісці цішэй. Ён паказваў, дзе і ў якіх хованках сядзяць патрулі. Нярэдка ні Янка, ні Мілана, ні Вуж не маглі іх разгледзець, што і не дзіва, на тое яны і хованкі. А часам іх было відаць, бо нават і не хаваліся, упэўненыя ў сваёй беспакаранасці.
– Я бачу, што яны занадта вольна сабе пачуваюць, – заўважыў Янка.
– Ну так, вераць у сваю непераможнасць, – пагадзіўся злыдзень.
– Што ж, самаўпэўнены часам губляе пільнасць. Гэта можа быць нам на руку, – падмеціла Мілана.
– Вось і я пра тое, – пагадзіўся брат. – Няхай яны і далей наіўна вераць, што сіла за імі. Волх таксама лічыў сябе ўладаром усяго і ўсіх. І дзе ён цяпер? Час усё расставіць па сваіх месцах. Бо сіла не ў моцы ды зброі, а заўсёды на баку праўды. А вашыя хованкі… Глядзіце, каб не спатрэбіліся з іншай нагоды!
Чым