Дзікія кошкі Барсума. Генадзь Аўласенка
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Дзікія кошкі Барсума - Генадзь Аўласенка страница 17
– Гэта было некалькі гадоў таму, – пачаў Холін. – Я вяртаўся тады… а ў рэшце рэшт, якая розніца, адкуль я вяртаўся тады і куды накіроўваўся! На адной з планет у мяне была перасадка. Лайнер спазняўся, часу ў мяне было зашмат, і я зайшоў у бар мясцовага космапорта перакусіць… ну і перакуліць пару кілішкаў. Вось там я яе і ўбачыў…
Холін змоўк і нейкі час проста сядзеў моўчкі. Нарэшце Скрайф не вытрымаў.
– І ты што, адразу зразумеў, што перад табой «дзікая кошка»? – з сарказмам спытаў ён. – А можа, вы пазнаёміліся, і яна сама паведаміла табе аб гэтым?
– Нічога я не зразумеў! – Холін ці то не заўважыў сарказму, ці то проста не звярнуў на яго аніякай увагі. – Я, наогул, не заўважаў яе спачатку… у бары было даволі шмат народу… тым больш, што яна сядзела адна, збоку, каля самай сцяны. І ў гэты час у бар увалілася нейкая кампанія падвыпітых грамілаў…
– Космадэсантнікі? – спытаў Скрайф.
Холін паціснуў плячамі.
– Магчыма! Але, хутчэй за ўсё, гэта былі піраты…
– Піраты? – здзівіўся Скрайф. – Але ж піраты… яны па-за законам! Усюды… у любой часткі Федэрацыі!
– Толькі не там, дзе гаспадарыць ФІРМА! – Холін крыва ўсміхнуўся. – На гэтых планетах піраты адчуваюць сябе ў поўнай бяспецы. У адрозненні ад мясцовых жыхароў, якія, на сваё няшчасце, з імі там вымушаны кантактаваць…
Ён змоўк. Скрайф таксама маўчаў, паглажваючы пад сталом левай рукой халоднае шкло бутэлькі. Ну, давай жа… расказвай хутчэй і вымятайся!
– І што было потым? – спытаў ён, калі агульнае маўчанне зноў пачало пагрозліва зацягвацца.
– Потым? – Холін усміхнуўся. – Потым было, як звычайна. Іх было чалавек шэсць, і яны адразу ж пачалі дэбашырыць. Зневажалі мужчын… заляцаліся да жанчыны… калі хто з мужчын ўзаступаўся за іх – адразу ж атрымліваў па фізіяноміі…
– Уяўляю! – Скін са шкадаваннем паклаў левую руку на стол. – Табе таксама перапала?
– Ды не! – Холін, чамусьці, па-ранейшаму поўнасцю ігнараваў саркастычныя падначкі свайго субяседніка. – Дакладней, магчыма б, і перапала… але, на маё шчасце, яны заўважылі гэтую дзяўчыну – нельга было не заўважыць такую прыгажуню – і ўсім кагалам рушылі да яе століка…
– Ну і… – Скрайфу раптам стала цікава, ён нават пра бутэльку забыўся. – Што было далей?
Холін устаў, павольна падыйшоў да адчыненага акна, нейкі час глядзеў кудысьці ўніз, потым зноў павярнуўся да Скрайфа.
– Разумееш, я таксама заўважыў яе ў гэты час… ну, можа, крыху раней… Пакуль гэтыя мардавароты здзекваліся з астатніх, дзяўчына не звяртала на ўсё, што адбывалася ў бары аніякай увагі. Яна нават не паглядзела ў той бок ані разу… проста сядзела, пацягвала праз саломіну свой кактэль… аж да таго часу, пакуль гэтыя прыдуркі не акружылі яе з усіх бакоў. Яна нават дазволіла схапіць сябе за рукі… і толькі потым пачала іх мяцеліць! Разумееш, усё адбылося вельмі хутка, амаль