Неруш. Віктар Казько
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Неруш - Віктар Казько страница 17
– Жалка ў пчолкі, ведаеш, дзе… Жаласлівы да бусла, да нас бы так хто… Ану, пайшлі, ваўкарэзіны, пайшлі, спатыкачы, маць вашу за нагу…
– I то… – гаворыць услед Барздыку Махахей, брыдзе вадою да хлева, адчыняе яго насцеж, панура назірае, як спалохана туліцца да сцяны карова, добра хоць хлеў паставіў на бугры, на сухенькім стаіць яго карова. Махахей выносіць з хлева вясло і жак, кідае іх у човен і доўга стаіць нерухома, як і бусел, глядзіць на дарогу, па якой усё яшчэ едзе-плыве Барздыка. Ніколі яны не сварыліся, не біліся, але і мір іх не бярэ. Барздыка знішчыў дуброву, пра якую ён думаў, пакуль не выплыў на драбінах перад ім жа той самы Барздыка. Ён знішчыў не толькі дуброву, але й нейкую частку яго самога, Махахея, частку таго свету, у якім жыў Махахей.
Хто не ведаў раней Княжбора, той і сёння яшчэ памірае перад векавечнымі дубамі, што ацалелі на беразе рачулкі. На здзіўленне дубы, шапку перад імі аберуч трымаць трэба, здымаць трэба шапку, бо сама ўпадзе. На пні падвода развярнуцца магла. Гэта ён перабольшвае, канечне, але гавораць: раней і сапраўды былі такія дубы, што параконна разварочваліся на іх. Былі, ды сплылі весняй вадой. Весняй вадой спакон веку пад шатамі іх плылі іншыя дрэвы, а пад дубамі плытагоны, прычаліўшы плыты, адпачывалі, варылі славутую сваю кашу і кулеш, і колькі той кашы, колькі таго куляшу з'едзена было па берагах рачулкі, і ўявіць цяжка, паспытаў іх у свой час і Махахей. Уявіць немагчыма, колькі па дуброве паднята княжборцамі баравікоў. I Цімох Махахей збіраў іх таксама, касіў бадай што касой, пад'язджаў на драбінах, прыпыняўся ў цяньку і рэзаў мяхамі, як на воз ускласці. Баравікі ўсе былі ядраныя, дуброўныя, ты яго рукамі, а ён уголас крычыць на цябе, на зуб просіцца, рыпіць ажно. Але адной вясной, адным летам прапала ўсё: секлі дубы, а праваліліся пад зямлю і грыбы. Звалася дуброва княжборскай, стала звацца дубняком Махахея, толькі гэта яго ўжо не ўцешыла. Не вельмі што паспеў ён выратаваць ад былой прыгажосці Княжбора.
Год той быў круты, па вясне яшчэ, пры снезе, напаткала ўсіх вялікае гора. Княжбор уліўся слязьмі, плакалі амаль у кожнай хаце, разам з усёй краінай, як па бацьку родным убіваліся, нібыта ўсе ў адну хвілінку асірацелі, страцілі бацюхну-карміцеля. Але не паспелі прасохнуць вочы, як на табе, новая бяда, пазней і яна не падалася ўжо бядой, а так, бедкай, толькі паспрабуй, калі столь на цябе валіцца, дзе схавацца, дзе знайсці паратунак: узбуйнілі княжборскі калгас. I да гэтага ўзбуйнення жылі княжборцы не надта спраўна, але ад навіны да навіны чаго-чаго, а кардопляў хапала: абжываліся толькі ж, на даўгі, на пазыкі, на крэдыты – жывёлу і тэхніку рабілі. А зямлі ў калгаса было няшмат, можна сказаць, зусім не было, гектараў шэсцьдзесят, ад сілы – сто. I ўся яна на загонах, па дзялянках раскідана па акрузе. Не больш было той зямлі і ў калгасе, які злучылі з княжборскім, добры сабака за адну раніцу мог яе ўсю пазначыць. Аб'ядналі дзве гаспадаркі ў адну, загаласілі княжборскія бабы: