Неруш. Віктар Казько
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Неруш - Віктар Казько страница 19
Але сёння ноччу Жалезны Чалавек зноў прыходзіў да яго, і ўжо ў хату, калі ён спаў.
– Я ж прагнаў цябе, – сказаў яму Махахей. – Навошта ты зноў прыпёрся? – Жалезны Чалавек стаяў каля ложка і маўчаў. I Махахей цяпер, лежачы на ложку, бачыў ужо яго твар, нібыта ў хаце гарэла святло, невялічкае такое святло, але яго хапала, каб разгледзець твар госця. Быў ён і сапраўды невідушчы і ў воспінах, нібыта яго адліць адлілі, а адшліфаваць не паспелі, ці гэта ён плакаў увесь час і слёзы з'елі яго твар.
– Давай па-добраму, – прапанаваў яму Махахей, – каб паганства ў маёй хаце не было.
На гэтых яго словах Жалезны Чалавек насунуў лаўку, змёў на падлогу карэц з кіслым малаком, што паставіла нанач баба Ганна, калі ён ужо спаў, змёў і сеў. Махахей толькі ўздыхнуў:
– Што ж, прыйшоў, дык гавары ўжо.
А Жалезны Чалавек сядзеў і маўчаў. I маўклівасць яго была не цяжкай, карцела толькі даведацца: хто ён і адкуль і чаму ён абраў яго, Махахея, каб вось так хадзіць за ім і памоўчваць. I яшчэ здавалася Махахею, што ўсё ж нагадвае яму некага Жалезны Чалавек, а каго – і ў галаву не прыходзіць. I толькі калі прачнуўся, перабраў усё, калі ўжо баба Ганна забурчала: каму тут спакою ноч не было, хто тут лазіў, шастаў ноччу, перакуліў малако, спаганіў посцілку, – успомніў Махахей, на каго быў падобны Жалезны Чалавек: на дзеда Дзям'яна, бацьку Антона Роўды. Дзед Дзям'ян таксама чыгунна хадзіў па зямлі, чобаты свае яшчэ з грамадзянскай, здаецца, не здымаў, яны як прыраслі ўжо да ступакоў яго. I твар у дзеда Дзям'яна такі ж шэры, як з чыгуну, і слова ён захоча – вымавіць, а не – тры дні маўчаць будзе. Не схацеў гаварыць з ім, з Махахеем, і Жалезны Чалавек. Адседзеў па лаўцы да золаку і пачаў раставаць. Але словы яго, гаворку яго Цімох, здаецца, чуў – толькі не праз голас, а нібыта знаходзіўся ў хаце нехта нябачны трэці і пераказваў Махахею ўсё, што карцела сказаць госцю. Расказваў усё пра Княжбор, толькі не пра яго Княжбор, не пра тое сяло, у якім жыў цяпер Махахей, а пра іншае, якое было на гэтым месцы колісь, так даўно, што і сам Жалезны Чалавек не надта памятаў, і вакол таго старажытнага сяла быў бор, і хвоя з таго бору яшчэ расце, а нябачна яе, таму што расце яна наадварот, у зямлю. Сёння наадварот, а заўтра мо ўжо як і трэба, у неба будзе. I наадварот – гэта толькі надаецца так Махахею і людзям, таму што яны не бачаць яе. А ён, Жалезны Чалавек, бачыць, так і павінна расці: хвоя яму. Ці не людзі, ці не сам Махахей вымушае яе расці так. Вось знішчылі яны дуброву, і дубы ўсе зараз таксама растуць наадварот. А яшчэ перадаваў Жалезны Чалавек сум свой і тугу, шэрую, жалезную, таму і ходзіць ён па зямлі і не стамляецца, што не ведае спакою, што ўсё больш і больш паўсюдна