Неруш. Віктар Казько
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Неруш - Віктар Казько страница 22
![Неруш - Віктар Казько Неруш - Віктар Казько](/cover_pre330139.jpg)
Але ішлі вёсны, а за імі яшчэ большая вада, патоп сусветны, нібыта бог нанава ўздумаў стварыць свет і тварыў зараз ваду, паядноўваў зямлю з вадой. Жывёла, коні, каровы, тыя ўжо, здаецца, звыкліся, месяць і гразь, і ваду. Праўда, зрэдку які конік ці кароўка з тых, што шчыпалі траву ў пачатку гэтага патопу, шчыплюць яе і сёння. Адны самі, добраахвотна, сканалі, другіх прырэзалі, але затое нашчадкі іх адчуваюць сябе і на самай справе, як рыба ў вадзе. Каровам, валам, каб тыя не гразлі ў балоце, яны прыладзілі да ног дошчачкі, абулі іх, і ходзяць яны па княжборскай зямлі ці, праўдзівей кажучы, вадзе, пасвяцца, равуць і плодзяцца, як спакон веку пасвіліся, раўлі і пладзіліся. А вось людзі гібеюць. Хоць і гаворыцца, што чалавек хутчэй з усім звыкаецца, на гэты раз не па прыказцы атрымалася. Хутчэй звыклася з новым жыццём жывёла. А людзям хочацца, каб па-людску ўсё было. Зусім жа інакш жывуць людзі там, дзе бяруць пачатак і куды збягаюць іх рэкі. А яны як у бога цяля ўкралі. Яшчэ год-другі, і змые паводка іх хаты, сплыве весняй вадой іх вёска, іх жыццё. I як па-мужыцку ні трымаліся княжборцы за зямлю сваіх дзедаў, за зямлю, дзе іх пот і кроў змешаны з потам і крывёю іх ворагаў, дзе цень іх ходзіць у абдымку са стогнам, скрыгатам і бразгатам іх мяча, што скрыжавалі яны ў смяртэльным паядынку са сваімі ворагамі, дзе перагукваюцца паміж сабой першы і апошні, той, што адыходзіць, і той, што прыходзіць, каб змяніць яго, прыйдзецца ім пакінуць гэтую зямлю.
Махахей ужо ўправіўся з жакам, але кіраваць дамоў не спяшаўся. Гэты лес, куст лазы, вада, неба – таксама хата, хоць не ім, не яго рукамі пабудаваная, і драбніцу толькі трэба чалавеку ў гэтай хаце, што не ведае сцен, – закутак невялічкі з акенцам неба, з адным-адзіным дрэвам, лапікам зямлі, стужкай вады. Усё гэта бачыў ён, як толькі пачалі бачыць вочы, і ўсё гэта ён павінен і несці з сабой, бачыць павінен і з-пад крыжа. Інакш атрымаецца, што і не жыў ён, не нараджаўся на свет і няма нічога роднага яму на гэтым свеце. I няхай паўсюдна ёсць вада, растуць дрэвы, аднолькава на ўсе чатыры бакі зямля, але яго дрэва, яго зямля, яго вада адметныя, чужое ўсюды чужое, на чужыне і сонца ўсходзіць інакш, і не грэе, і не свеціць. Махахей жадае памерці на роднай зямлі, прымае смерць на роднай