Неруш. Віктар Казько

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Неруш - Віктар Казько страница 23

Неруш - Віктар Казько

Скачать книгу

бацька, трэба? – з гэтым жа, як з нажом да горла, прыстаюць да яго і дзеці, і жонка з той жа сама песняй.

      «Што табе, бацька, трэба, што трэба табе, чалавеча?» – запытальна цурчыць вада. А бог яго ведае, а чорт яго ведае, што трэба яму, каб быць шчаслівым. Сына вось трэба, нашчадка, толькі спазніліся яны з Ганнай мець сына. Усё жыццё чакаў ён сына, кожны раз спадзяваўся: ну, на гэты раз будзе ўжо сын. Але нязменна нараджаліся дочкі, толькі дочкі. Чатыры разы дочкі. Тавар ненадзейны, чужым людзям, а не сабе. Усе, акрамя апошняй, ужо вылецелі з яго кубла. I гэтая апошняя не затрымаецца ў кубле, не заседзіцца ў яго хаце. А што за хата, калі ў ёй пуста, калі ў ёй толькі старая ды стары, кошка ды сабака. I што за век такі пайшоў, што здарылася з людзьмі, размежаваліся яны на маладых і старых, на гарадскіх і вясковых і яшчэ бог ведае на каго. Раней хата была дык хата, каля старых маладыя, пры дзецях – бацькі. А зараз дзеці ўсе ў горадзе – у жалезе, у каменні, старыя – у вёсцы, у гноі. I лягуць хутка гноем у зямлю, і хату, вокны і дзверы, крыж-накрыж дошкамі.

      Яго, праўда, дочкі напярэймы адна перад адной клічуць іх са старой да сябе. Усе яны няблага ўладкаваліся ў горадзе. Трое паканчалі інстытуты. Адна толькі, першая, з тэхнікумам, медсястра. Некалі ёй было, гаротнай, вучыцца, глядзець меншых трэба было. Да яе, да Алёны, мо й пайшоў бы Махахей жыць, толькі адчувае: не ўсё добра ў яе жыцці. Чалавек упадабаў яе неблагі, але толькі не яе гэта чалавек, іншаму яна была ўгатавана. Алёна маўчыць аб гэтым, але ён жа не сляпы, сам бачыць. I шкада яму таго чалавека, і дачкі шкада, а як парадніць іх, ён не ведае. У кожнай – кватэры гарадскія, прасторныя, толькі што яму ад той прасторы, калі не ляжыць яго душа да гарадскога.

      Гіблае, гнілое тут месца. Усё гэта так. Але як выдзерці сябе, як па жывому адрэзаць сябе ад гэтага месца, калі па могілках скрозь усё Махахеі, Махахеі.

      – I чаго табе трэба, бацька, хто цябе тут трымае? – гэта хор дачок, чортава капэла.

      – Хочу ў горад, хлопца людскога на ўсю вёску ніводнага, – гэта піскуха малодшая, самая апошняя, самая дарагая.

      – О дурыла, пень стары, вось трактарыста клікну, няхай яе ў рэчку, парахню, гэту хату скоціць, – гэта падпявала жонка. Пяць год паводкі дапяклі і яе. Заспявала з голасу дачок. Праўда, і свой голас, свой розум яшчэ не страціла: – Пакуль у сіле, Пакуль тое-сёе рукамі здольны і таму дзецям патрэбны – унукаў дагледзець можам, – бегчы адсюль і не азірацца.

      А ён пачаў будавацца, назло жонцы і дзецям. Ён хоча застацца тут, так хоча, як вымушае яго нехта, застацца і агледзецца. Раней жа не было калі, адна толькі вайна тры жыцці, здаецца, украла, зараз бы самы час на неба паглядзець, а жонка і свая ж хата новую вайну распачалі, пайшлі вайной на гаспадара. I так у кожнай хаце, па ўсёй вёсцы, ціхая вайна, слёзная бойка. Плачуць мужыкі сэрцам, як гэта наважыцца, пакінуць селішча. Ды і куды рухаць, куды перасяляцца. Паўвека назад усё, здаецца, прасцей было. Мужыку аб сваім жыцці самому трэба было маракаваць: не будзеш круціцца – і не пражывеш.

Скачать книгу