Неруш. Віктар Казько

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Неруш - Віктар Казько страница 24

Неруш - Віктар Казько

Скачать книгу

ад асноўнага лесу вадой, ціха і безабаронна задыхаліся і чэзлі ў ліпкім паветры дрэвы на малых лапіках зямлі, што адваявалі яны ў той жа вады. Толькі з мосцікаў, якія ішлі адзін за адным, цяжка плюхаліся ў свінцовыя канавы рабыя балотныя чарапахі.

      – Нечысць, брыдота, – пазначыў і чарапах, і балота Шахрай, наглядаючы, як чарапахі нязграбна перакульваюцца ў паветры, аголенай знізу косткай, нібы голым целам, бліскаюць на сонцы. Мацвей змоўчаў, яго заўсёды бянтэжыла і прыгнятала бездапаможнасць гэтых рахманых, хаця і грозных на выгляд стварэнняў, былі яны нечым падобныя на чалавека, якога захапілі знянацку. Чарапах жа тут было шмат, і не толькі ў балоце, вадзіліся яны і ў рэчцы, Мацвей калісьці лавіў іх вудай нават на чарвяка, ледзь не плакаў, выдзіраючы такі каштоўны ў дзяцінстве кручок са змяінай, здавалася, але такой пакорлівай, такой палахлівай пашчы. Яны мёртва трымалі ў гэтай пашчы сваю здабычу, сцяўшы зубы да скрыгату, пэўна, ад нясцерпнага болю, які ўваходзіў і ў Мацвея, уцягвалі пад уратавальны панцыр адрузлую шыю, адступалі ад цяпла бязлітасных яго рук і толькі што не крычалі крыкам. I крыкам сыходзіла ўсё ў ім, але страх згубіць кручок быў усё ж больш гучны, чымсьці. гэты немы крык. I цяпер ён вінаваціўся ад той міжвольнай сваёй жорсткасці, таму і не адазваўся на словы Шахрая.

      – Каб пераўтварыць усё гэта, і жыцця не шкада, – Шахрай як зразумеў яго, вылучыў з таго, што было перад імі, толькі балота, развёў рукі ў бок гэтага балота. Мацвей пагадзіўся з ім, але зноў нічога не адказаў, а Шахраю, пэўна, хацелася вымусіць яго пачаць гаворку.

      – Гэта можна толькі ненавідзець, – ён зноў кіўнуў на балота. Мацвей паглядзеў на Алега Віктаравіча і зразумеў, што памыляюцца – той размаўляў сам з сабою, адказваў на нейкія свае пытанні, што хвалявалі яго. I хаця ў душы Мацвея не было нянавісці да гэтых балот, і да балот наогул, яны не толькі засцілі свет, пладзілі з'яд і жоўта марылі княжборцаў ліхаманкамі, але і кармілі іх, адорвалі ягадай-журавінай, давалі траву і дровы і птушку на стол, укрывалі ад ворага. I больш цяжка, і больш вольна ўсё ж дыхалася мужыку за гэтымі балотамі. Мацвей не мог уявіць свайго Княжбора без балота, але ён усё ж паспяшаўся згадзіцца з Шахраем, не хапіла яго вытрымаць і процістаяць вуснам Шахрая, таму, як той рашуча сцяў іх; вачам Шахрая, іх скіраванасці ў нейкую невядомую Мацвею далячынь, як бы адсякаючы ўсё, што не датычыла гэтай скіраванасці і гэтай далечыні. Ён нібыта ўбачыў раптам ворага і напружыўся, гатовы да схваткі з гэтым ворагам, зацвярдзеў, як у браню закаваў сябе. I нішто звонку, здавалася, ужо не магло крануць яго, даступіцца да яго душы. I жах апаноўваў бачыць Шахрая такім, але і спакойней было на душы, адчуваючы побач такую моц, калі, зразумела, ты не супраць яго, а з ім. Падобным на яго імкнуўся быць і Мацвей, такім хацеў ён бачыць сябе, калі прыйдзе час сустрэцца з роднай вёскай, хаця ў душы яго ўсё трымцела ад радасці, а ў той жа час і аблівалася крывёю. Няпэўна ўсё было ў ім, пераблытана, змешана ўсё, як у тым балоце, і ён здольны быў бегчы па верхавінах дрэў і паўзці, што рак, ад

Скачать книгу