Гняздо-2 (зборнік). Паліна Качаткова
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Гняздо-2 (зборнік) - Паліна Качаткова страница 8
Не памятаю, як вярталі камсамольскі білет пасля прыезду. Эпізод сцёрты з памяці, але вярнулі – факт.
У лютым 1991 года ў Вільні каля будынка парламента пабачыла слуп, на якім цвікамі былі прыбітыя камсамольскія і партыйныя білеты – так людзі развітваліся з важнымі дакументамі савецкага часу, з савецкім мінулым. У Вільні мы былі ў камадзіроўцы – працавалі ў архіве, жылі недалёка ад парламента. Некалькі дзён падыходзіла да гэтага слупа, думала, ці не прыбіць і свой камсамольскі білет – ён быў са мною. Вырашыла не прыбіваць, пачакаць, зрабіць гэта ў Беларусі, калі прыйдзе час. Час прыйшоў, не было такога слупа. Камсамольскі білет дагэтуль у мяне.
Каляровы дзень
Дзяўчынка выйшла з дому, спусцілася з заснежанага пагорка, падышла да ракі.
Левы бераг быў вышэйшы за правы… Пэўна, раней – у далёкія часы – рака была большая і той пагорак, па якім ішла дзяўчынка, быў дном ракі. А дом, у якім жыла дзяўчынка, месціўся ў былым рэчышчы ракі.
Свяціла сонейка. Снег на пагорку блішчэў, зіхацеў, але дзяўчынку вабіў зялёны лёд і тое, што пад ільдом.
Праз зялёны лёд, які здаваўся празрыстым, яна спрабавала разгледзець жыццё ў вадзе – рыб і водарасці, але нічога не бачыла, толькі адчувала плынь пад лёдам.
Лёд без снегу, і тонкі, бо недалёка з трубы выцякала гарачая вада. Адкуль яна цякла, ніхто не ведаў. Санстанцыя рабіла спробы высветліць – па ўсіх заводах і фабрыках горада прайшлі супрацоўнікі станцыі і непрыкметна закінулі фарбавальнікі розных колераў: чырвоныя, зялёныя, сінія, жоўтыя і нават чорныя.
Па колеры вады, якая пойдзе з трубы, хацелі даведацца, хто злівае гэта ў раку. Але вада з трубы палілася рознакаляровая – то жоўтая, то сіняя, то малінавая, то фіялетавая. Значыць, усе карысталіся трубой.
Дзяўчынка ведала пра санстанцыю, бо там працавала яе бабуля. Дзяўчынка хадзіла разам з бабуляй па школах і дзіцячых садках, дзе бабуля адмысловым апаратам рабіла «замер святла». Аднойчы правяраць святло прышлі ў дом дзіцяці, і там дзяўчынка ўбачыла пакінутых дзяцей, пра якіх ёй патлумачылі: «Калі яны падгадуюцца, адвязуць у дзіцячы дом».
Ведала дзяўчынка і пра слоік з матылямі, які знайшлі ноччу на чыгуначным вакзале. І ніхто не ведаў, што рабіць з тым слоікам і з матылямі.
Гаварылі, што, магчыма, дыверсія, што слоік мог быць прывезены на цягніку Берлін–Масква, што матылі са слоіка прынеслі з сабой нябачаную дагэтуль пошасць.
Слоік спачатку збіраліся везці ў Маскву, а пасля перадумалі, бо, можа, менавіта гэта частка хітрага плана дыверсантаў: каб у руках супрацоўнікаў санстанцыі слоік з белымі матылямі трапіў у Маскву, дзе шмат людзей. Размовы пра пошасных матылёў у слоіку ішлі доўга, а чым скончылася справа – таямніца. Можа, нават дзяржаўная таямніца. Яшчэ яна ведала пра мышэй,