Гняздо-2 (зборнік). Паліна Качаткова
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Гняздо-2 (зборнік) - Паліна Качаткова страница 9
– Бо можна праваліцца. А гэта самае страшнае. Ты ведаеш, што бывае з тымі, хто праваліцца пад лёд?
– Не… Што?..
– Чалавека пад лёд зацягвае, ён б’ецца знізу галавой, але лёд не прабіваецца, яго цягне далей, і чалавек задыхаецца.
Яны пайшлі ў дом. Дзяўчынка з’ела пару мандарынаў пад ялінкай, пагуляла з коцікам і зноў пайшла на бераг. Сонца ўсё яшчэ свяціла, снег блішчэў, лёд вабіў. Але нешта змянілася. На беразе з’явіўся чалавек.
Каля трубы, з якой выцякала гарачая вада, стаяла незнаёмая дзяўчынка ў зялёнай вязанай шапачцы і з белымі валасамі да плеч. Стаяла і глядзела на каляровую ваду.
Над гарачай вадой уздымалася пара. Дзяўчынка падышла да незнаёмай і стала побач. Доўга яны стаялі моўчкі і глядзелі ў каляровую брыдкую ваду. Пасля дзяўчынка спыталася:
– Як тваё імя?
– Юля.
Яна сказала, што яе бацькі здымаюць маленькую хатку ў суседзяў.
Дзяўчынка зразумела: гэта яе сяброўка. І праўда. Яны будуць сябраваць цэлы год. Летам у бацькоў Юлі будзе «ружовае» вяселле, і дзяўчынцы патлумачаць, што трэба прыходзіць ва ўсім ружовым.
Бабуля скажа, што гэта глупства – і само «ружовае» вяселле, і тое, што трэба прыходзіць у ружовым… Але дзяўчынка прыйдзе ў ружовым. І ўсе будуць у ружовым. Яны будуць сядзець на даху гаража і есці ружова-зялёныя яблыкі…
А пасля бацькі Юлі атрымаюць кватэру. А яшчэ праз пару гадоў бабуля будзе замяраць святло ў той школе ў далёкім раёне, дзе будзе вучыцца Юля, і настаўніца скажа, што Юля – рэдкі чалавек, што для кожнага ў яе знойдзецца добрае слова.
Зялёны сон
Ноччу глядзелі фільмы з Джорджам Клуні. Пра кілераў, пра спецслужбы, пра барацьбу за рэсурсы, пра здрады сяброў і калегаў дзеля кар’еры і дабрабыту, а таксама пра дробныя (на першы погляд) дробязі, якія ўплываюць на лёсы. Глядзелі фільмы і пілі мятную гарбату з лімонам. Маладую мяту ўзяла ў садзе.
Пачыналася лета. У садзе квітнелі кусты белай шыпшыны і зацвітаў язмін. Крыкі жабаў… Мятны напой дае зялёны травяны супакой. І за акном зялёная цемра, у ёй свецяцца белыя кветкі.
Фільм спаўзаў у сон… І гэта я ўжо бараніла дэмакратыю і правы чалавека, і гэта мне перашкаджалі бюракраты, якія праз адсутнасць у іх гуманізму наймалі бяздушных кілераў. І кілеры былі падобныя да бюракратаў, а бюракраты да кілераў. І шанцаў уратавацца ў мяне не было зусім.
У зялёнай цемры за акном блытаўся вецер, хістаў голле ліп, крычалі каты. Дзікі бела-руды, як поўня, кот скочыў на фортку, але напалохаўся і зваліўся. Усё гэта прыглушана праз зялёны мятны сон.
Зранку тэлефонны званок і грукат у брамку пачаліся адначасова. Прыехала Ленка – сяброўка дзяцінства. Стаяла перад брамай у чорным складскім халаціку, набірала мой нумар на сотавым і грукала ў браму, побач стаяла яе сіняя машына. Я так даўно не бачыла Лену.
Сяброўства заўсёды цікавіла больш, чым каханне. З каханнем