Эдэм (зборнік). Франц Сіўко
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Эдэм (зборнік) - Франц Сіўко страница 12
Андрэй Мікалаевіч увайшоў у пакой, знарок, як заўжды, калі хацеў выказаць незадаволенасць, грукнуў ботамі, грузна апусціўся ў фатэль ля акна.
– Што ж Браніслава крыўдзіш, пляменніца?
– Я? Крыўджу? – Пелагея зрабіла круглыя вочы. – Што вы, дзядзечка?
Граф колькі хвілін моўчкі глядзеў на яе.
– Ад’язджае ён, вось што.
– Ад’язджае? Куды?
– У Крайну. Будзе там Тацяне і Валодзю памагаць. Нядобра атрымалася.
– Маёй віны няма ў тым, – ціха, але ўпэўнена сказала яна.
– Такое судзіць цяжка, – устаючы, сказаў Андрэй Мікалаевіч. – Тут кожны сам сабе суддзя. Адно прашу: развітайся па-чалавечы. Ён любіць цябе.
– Любіць! – Пелагея ўздыхнула. – Любiць – гэта добра, але так мала, дзядзечка.
8
1827–1828
Школа
Марыя Іпатаўна памерла лёгка, суботнім надвячоркам, пад пошум кароткага – узляцеў і тут жа аціх – дажджу. Яшчэ на пачатку лета ў яе распухлі ногі, пухліна паступова паднялася вышэй, спаралізавала сэрца. Так сказаў лекар, і нічога не заставалася, як яму паверыць.
Напярэдадні, калі жонцы стала зусім кепска, Андрэй Мікалаевіч выправіў фурмана ў мястэчка па папа. Але было запозна, калі той прыехаў, графіня ўжо не дыхала. Туфіля з дзеўкамі ўзяліся мыць нябожчыцу, Антольку выправілі ў Станулі паведаміць Лазоўскім.
Прыехала адна Пелагея. Нервова прайшла на покуць, схілілася над цёткай.
– Людвік яшчэ не вярнуўся? – глытаючы слёзы, спытаў граф.
– Мабыць, заўтра вернецца, – адказала яна спакойна. Злосць на мужа, што не ўзяў яе з сабою ў Дынабург на хрэсьбіны Валентавага першынца, яшчэ не прайшла, але паказваць яе тут, пры нябожчыцы, было недарэчы.
– Што рабіць мне цяпер? – усхліпнуў Андрэй Мікалаевіч. – Такі год нядобры… Бяда адна не ходзіць. Там ліст у вітальні, пачытай.
Пелагея выцерла далонню мокрую шчаку, перайшла ў вітальню.
Ліст быў з Крайны, ад Тацяны Мікалаеўны. Яе Валодзю два гады таму за ўдзел у снежаньскім паўстанні саслалі ў Сібір, і днямі ён там загінуў пры пераправе праз таёжную раку. Цяпер яна зусім адна і не ведае, што рабіць з маёнткам.
Андрэй Мікалаевіч увайшоў у вітальню, стомлена апусціўся на канапу.
– Труну добрую зрабілі,– сказаў неўпапад. – А вось дзе пахаваем Марыю Іпатаўну?
– У мястэчку, пры царкве, дзе яшчэ. Не на гэтым жа вясковым, дзе адны каталікі.– Пелагея склала ліст, аддала графу. – А наконт Крайны таксама вельмі не турбуйцеся. Я, можа, хутка туды паеду, дык даведаюся, што ды як.
Лямпа калыхнулася, слізганула па падстаўцы, па вольна спаўзла ва ўзгалоўе. Пелагея рванулася да маткі, каб памагчы адсунуцца, але не змагла: не пусцілі ногі. Тады яна адштурхнулася мацней. Ногі таргануліся, вызваліўшыся з палону, застылі на прасціне. Людвік,