Эдэм (зборнік). Франц Сіўко
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Эдэм (зборнік) - Франц Сіўко страница 8
Калі хлопцы прыйшлі, у яе ўсё было гатова.
Яна спаласнула чыгун прынесенай вадою, выліла бруднае, зноў наліла.
– Пастаў на прыпек, – загадала Бронаку, упетрыўшы невідушчы пагляд у полымя.
Ён выканаў загад – гэтаксама пакорліва, як рабіў усё для яе дагэтуль.
– Цяпер выйдзі і забі вокны дошкамі.
– Забіць дошкамі? – Хлопец сумеўся. – Што ты надумалася?
– Мая справа.
Бронак забіў вокны, у нерашучасці застыў на дварэ.
– Што з дзвярамі? – спытаў, не адважваючыся ўвайсці.
– Таксама забі. Сачы за дымам. Як пасвятлее, адчыніш.
– Добра, – пагадзіўся ён і зірнуў у шчэлку між дошкамі: у хаце было цёмна, і доўгі Пелагеін цень у водсвеце полымя здаўся яму падобным на прывід.
Марыя Іпатаўна адставіла кубак, затуліла твар шалем, гучна кашлянула.
– Добры напой, – сказала і ўзяла з падноса яблык. – Як называецца?
– Крамбамбуля, – закаркоўваючы штофік, адказала Пелагея.
– Але ж і назва! А адкуль рэцэпт?
– Андрэй Мікалаевіч прывёз з Дубраўкі. Марыя Іпатаўна грэбліва перасмыкнула вуснамі.
– Што толькі не прыдумаюць гэныя ліцвіны!
– Але вы самі кажаце, што напой добры.
– Кажу – бо праўда. Але гэта зусім не значыць, што ўсё іхняе добрае. Я не збіраюся сімпатызаваць зброднікам. Шляхта тая, ці як там яе, толькі і чакае моманту, каб зрабіць нам якую прыкрасць.
– А дзядзечку яна падабаецца.
– Во-во, падабаецца. – Твар графіні зрабіўся зусім чырвоны. – Спіць і трызніць як найхутчэй у Дубраўку ад’ехаць.
– У Дубраўку? Значыць, вырашылася-такі справа?
– Вырашылася. – Марыя Іпатаўна незадаволена зморшчылася. – Прапанавалі на выбар як удзельніку вайны адзін з маёнткаў, дык лепш не прыдумаў, як тое шляхцюцкае балота ўзяць. Уяўляю, што там за рэзрух.
– І хутка ад’язджаць?
– Праз два месяцы. Я не хачу ехаць. Тут звыклае ўсё, сваё і галоўнае – Алёшава часць побач. А там? Усё нанова трэба пачынаць. Ды хіба пераканаеш Андрэя Мікалаевіча!
– Можа, яшчэ і сам перадумае, – хаваючы радасць за ветліваю ўсмешкай, сказала Пелагея і зноў адкаркавала штоф. – Яшчэ, цёцечка?
Лекар Фокс ужо трэці тыдзень наведваў графіню, але хваробы прызнаць так і не змог. Марыя Іпатаўна паводзіла сябе неспакойна: то кідалася целам на сцяну, то пачынала дрыгаць нагамі, то раптам ускідвала ўгору рукі і махала імі да знямогі, быццам намагалася злавіць штосьці нябачнае ў паветры. Часам буйнасць рабілася невыноснай, тады лекар наліваў з прыгатаванага Пелагеяю штофа чарку напою, даваў хворай, і яна тут жа засынала.
Пелагея, як і Фокс, увесь гэты час не адыходзілася ад цёткі. І толькі калі на змену прыходзіў Андрэй Мікалаевіч, давала сабе адпачынак: ішла ў свой пакой і там, у ложку, да мятлікаў