Эдэм (зборнік). Франц Сіўко
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Эдэм (зборнік) - Франц Сіўко страница 9
Яна сышла са сцежкі, асцярожна ступіла босымі нагамі па пяску, наблізілася да лодкі. Бронак падхапіўся з месца, памкнуўся да яе. Але блізка падысці не асмеліўся – не пускала крыўда.
Вось ужо колькі тыдняў, як адносіны між імі прыкметна падпсаваліся. Яны і даўно ўжо былі не такія бясхмарныя, як раней, а тут яшчэ гэты Людвік Лазоўскі… Сядзеў бы ў Вільні, у сваім універсітэце, дык не, закарцела па суседстве з Дубраўкай, у бацькоўскай сядзібе, асесці. Як на злосць, там якраз школка, у якой Пелагея за настаўніцу і ў якую тры разы на тыдзень ездзіць праводзіць урокі.
– Андрэй Мікалаевіч цябе кліча. – Пелагея порстка ўбрыла ў ваду. – З лямусам нешта.
Бронак злосна пхнуў лодку нагою.
– З лямусам! Я не цесля, здаецца.
– Пан Дыба такіх слоў не ўхваліў бы. – Пелагеін голас гучаў як ніколі спакойна.
Гэта канчаткова раззлавала Бронака. Але напамін пра нябожчыка бацьку, які памёр падчас эпідэміі тыфусу неўзабаве па прыездзе з графіняю ў Дубраўку, трохі астудзіў раздражненне. Ён саскочыў з ляшчыніны, з сашчэпленымі шнурам ботамі ў руцэ паплёўся да пакояў. Ужо дапаў да пагурка, як пачуў: ззаду плёснула вада. Азірнуўся: Пелагея, шырока раскідваючы рукі ўбакі, плыла праз заточку да другога берага.
Андрэй Мікалаевіч сядзеў на ганку, моршчыў лоб ды моўчкі назіраў, як цеслі завіхаюцца ля будоўлі. Нерваваўся: ці ж так марудна ішла б справа пры Феліксе? Трэці год, як мужыкі, рабуючы нічыйную яшчэ тады сядзібу, спалілі лямус, і так хочацца як найхутчэй яго аднавіць. Можа, наогул не варта было брацца за справу. Але ж як без лямуса і асабліва – без лядоўні? Вунь колькі ялавічыны спрахла летась. Зіма выдалася мяккая, адліжная, а хто ўгадае, якая будзе сёлета.
На ганак выйшла ў суправаджэнні пакаёўкі Марыя Іпатаўна, накіравалася да вогнішча пад дрэвамі – там другая пакаёўка, Туфіля, варыла варэнне з прынесеных дзеўкамі ягад.
Андрэй Мікалаевіч хацеў загаварыць з ёю, але не наважыўся. Жончына зацятасць у адносінах да Пелагеі і яе нелюбоў да тутэйшага люду ўсялякую размову нязменна ператваралі ў спрэчку. Ды і зараз ёй, падобна, было не да размовы: выгаворвала Туфілі.
– Колькі казаць табе: ложка, а не лыжка! Калі ўжо ўцяміш?
– Уцяміш тутака! – Туфіля злосна, ажно разляцеліся ўбакі пырскі, тыцнула лыжкай у варэнне. – То з аднаго вучыся, то цяперака во – іначай ужо. Маладзейшыя няхай, а нам і так добра.
З-за сажалкі выбегла з падхватнікам у руках Антолька, падляцела да маткі. Туфіля выняла з чыгуна аблепленую пенай лыжку, дала дзяўчынцы – аблізаць. Тая борзда аблізнула, але адыходзіць не спяшалася.
– У школу каб…
– У школу! – усплёснула рукамі Туфіля. – Надумалася! Хто цябе возьмець туды, мурзатую? Літараў наўчылася, і досіць.
Калі Пелагея вярнулася да пакояў, ужо шарэла. Цесляры парадкавалі рыштунак, ля вогнішча Туфіля студзіла, памешвала раз-пораз лыжкаю ў чыгуне варэнне.
– Пачакай! – Бронак