Эдэм (зборнік). Франц Сіўко
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Эдэм (зборнік) - Франц Сіўко страница 13
Пелагея павярнулася тварам да дзвярэй.
– Пан Людвік сказаў мне пра няшчасце з мапамі, дык я вырашыў прэзентаваць вам сваю. – Фларыян, блытаючыся ад хвалявання ў словах, стаяў у праёме і ніякавата ўсміхаўся.
– Па-польску, напэўна?
– Па-тутэйшаму польскімі літарамі. Сам зрабіў падчас экспедыцыі.
– Вось да чаго дайшло. – Пелагея ўзяла мапу, безуважна, быццам звыклыя знакі нічога не гаварылі ёй, агледзела з усіх бакоў.– Вы, часам, не з гэтых… філарэтаў?
– Я думаў – вам спадабаецца…
– Дзякуй. – Яна згарнула мапу ў скрутак, кінула на шафачку побач з іншымі.– А што за экспедыцыя ў вас?
– Пры ўніверсітэце. Ездзім у аддаленыя мясціны, збіраем розныя матэрыялы – выслоўі там, песні… Пасля абмяркоўваем, падаём у студэнцкую газету.
– І шмат такіх, хто гэтым цікавіцца?
– Ну, не шмат, але і нямала ўжо. І з кожным годам более.
– Няўжо гэта вам цікава?
– Не было б цікава – не займаўся б. – Фларыян хвіліну памаўчаў.– А вы мапы даўно збіраеце?
– З маленства. Я новае ўсё люблю: новыя краіны, новае асяроддзе. Ведаеце, несці сваё людзям…
– Значыць, вы місіянерка?
– У пэўным сэнсе. – Пелагея памкнулася рукою да стоса мапаў на шафачцы, узяла адну, але разгортваць не стала. – А вось песень вашых я не разумею.
– Яшчэ зразумееце.
– Наўрад. – Яна ўсміхнулася. – А вы… Чым збіраецеся ў нас займацца?
– Яшчэ не ведаю дакладна, але, мабыць, пазбіраю сякія-такія матэрыялы. А можа… Я падумаў… Вы ад’язджаеце, дык мог бы папрацаваць за вас у школе.
– У школе?
Прапанова была такой нечаканай, што Пелагея на хвіліну зніякавела.
– Не-не, пан Фларыян, не хвалюйцеся, я ўжо ў мястэчку падшукала сабе часовую замену, – сказала і ўпотай пахваліла сябе за кемлівасць: такога пусці ў гарод – наламае венікаў.
А гародам сваім – школкаю – тут, удалечыні ад Крайны, яна даражыла больш за ўсё астатняе.
На Крайну яна выехала 28 лістапада. Было ветрана, сцюдзёна. Андрэй Мікалаевіч і Людвік раілі пачакаць, пакуль добра ўляжацца снег, але яна адмовілася: надта ж карцела трапіць на радзіму да Калядаў.
Другога снежня была ў губерні. Як і дамаўляліся з графам, спынілася ў ягоных знаёмых. І адразу па абедзе, каб не марнаваць часу, выправілася на агледзіны горада. Шпацыр ад галоўнага пляца, дзе жылі знаёмыя Андрэя Мікалаевіча, да губернатарскага палаца заняў каля чвэрці гадзіны.
На дзіва, губернатар згадзіўся прыняць яе адразу.
– Робіце ў школе – гэта добра, – сказаў, калі яна скончыла апавядаць пра сябе. – І як справы рухаюцца?
– Вучу патроху. Маю намер пашырыць асвету сярод прасталюдзінаў – у нашай мове, вядома.
Губернатар задаволена крэкнуў.
– Цудоўна!