Эдэм (зборнік). Франц Сіўко
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Эдэм (зборнік) - Франц Сіўко страница 10
Якраз гэтак халадзіла, прыгадала, і крайнаўскае.
Сярод лісця на самым версе яшчэ дзе-нідзе чырванелі ягады.
Антолька порстка падскочыла ўгору, абжаргала камель лыткамі. Затым узабралася вышэй на вецце, скінула колькі ягадзін уніз. Яны былі салодкія і крыху прытарныя.
– Яно адно тут, ці яшчэ ёсць?
– Адно-адненькае. – Антолька аправіла сукенку.
– Ну, дзякуй табе, што паказала. Прыйдзі ўвечары, мапу падару.
– Тую, зялёную?
– Тую. Хочаш?
– Хачу. – Антолька хвіліну памаўчала. – І яшчэ ў школу хачу, Палагея Юр’еўна.
– Не Палагея, а Пелагея. Добра, паглядзім.
Хмыз упобачкі расхінуўся, і з яго выйшаў з крывым усмехам на вуснах Бронак.
– Хадзем. – Пелагея схапіла Антольку за руку, хутка пайшла прэч.
Млын і сядзіба ўжо засталіся далёка ззаду, а яны ўсё крочылі па алеі, не зважаючы на аблокі, што насоўваліся на сядзібу з захаду і поўдня, размаўлялі пра школьныя справы. Гаварыла больш Пелагея, Людвік жа ўважліва слухаў: мова субяседніцы не заўсёды была яму зразумелая. Лазоўскія, хоць паходзілі з дробнае шляхты, дома размаўлялі па-польску. Ды і ва ўніверсітэце, дзе пераважную большасць студэнтаў складалі шляхціцы, таксама панавала пальшчызна. І ўсё ж такі малады паніч Пелагеі падабаўся. Праставаты і занадта адкрыты – душа наросхрыст – Бронак у параўнанні з ім нагадваў ёй селяніна.
Пачало імжэць.
– Хадземце сюды. – Людвік павабіў Пелагею да сябе, разгарнуў парасон.
– Не было б грому, – прыстройваючыся побач, сказала яна.
– Вы баяцеся грому?
– Трохі.
– Тады пойдзем назад.
Яна хацела сказаць, што вяртацца да маёнтка не жадае, але пасаромелася.
Паўвярсты да пакояў праляцелі, як адна хвіліна. Дождж перастаў, абое бачылі гэта, але выходзіць з-пад парасона не спяшаліся.
– Вы, чула, у Вільню едзеце, – сказала Пелагея.
– Еду. Прывезці вам што-небудзь для школы?
– Мапа патрэбная. Мая, што з Крайны прывезла, зусім абтрапалася.
– Добра, будзе вам новая.
– Толькі ж па-польску не вязіце.
– Чаму?
– Так, не люблю.
Людвік хацеў штосьці запярэчыць, але не паспеў: Антолька ўгледзела настаўніцу і маладога пана, падбегла да іх.
– А дождж ня йдзець!
– Сапраўды. – Людвік склаў парасон, уздыхнуў.– А вы, панна Пелагея, у Вільню не хацелі б са мною з’ездзіць?
– У Вільню? – Яна на хвіліну сумелася. – Хацела б, ды зараз не выпадае.
Сказала так і тут жа пашкадавала. Але і ўзрадавалася, убачыўшы, як увобміг памаркотнеў загарэлы, крыху шыракаваты для дваццацігадовага дзецюка твар паніча.
Дым імкліва ўзняўся ад падлогі ўгору, закалыхаўся над ложкам. Любаша здрыганулася ўсім целам, не жа даючы паддавацца стыхіі, перагнулася галавой праз рабрыну. Затым схапіла