Мосцік над вечнасцю (зборнік). Сяргей Ваганаў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Мосцік над вечнасцю (зборнік) - Сяргей Ваганаў страница 15
У тым годзе мяне, двухгадовага, маці прывезла з Казані ў Маскву і, падаўшыся бліжэй да Беларусі, родных мясцін, пакінула на сваю сястру, цётку Надзею. Аднойчы яна гуляла са мной ля гатэлю «Якорь». Стаміўшыся, цётка пасадзіла мяне на высокі парапет. Але, відаць, жвавенькі быў хлопчык. У нейкі момант з’ехаў з парапета і быў падхоплены з лёту праходзячым міма дзядком. «Куды глядзіш, старая варона?! Ледзь дзіця не загубіла…» А «старая варона», з яе слоў, аж разявіла рот, гледзячы на дзеда і ордэн Чырвонага Сцяга, што пабліскваў з-пад расхінутага кажуха…
Ордэн ордэнам, у Талаша з ім свая гісторыя. Але ж і сёння мне зусім не цяжка ўявіць сабе, нават адчуць рукі дзеда.
Уратаваў ад калецтва, а, мо, яшчэ ад чаго горшага.
Жыве Беларусь…
Камяні спатыкнення
«…Што, немцы і сваіх габрэяў забівалі?!»
Ягонае ўзрушэнне было такім моцным, што ён абышоў камяні з усіх бакоў, убачыў сляды старанна зацёртай свастыкі…
Тады, пяць гадоў таму я сустрэў яго ля «Трох камянёў», што ў розныя часы былі пастаўлены ў памяць аб тысячах габрэях з Гамбургу, Дзюсельдорфу і Брэмена, якія загінулі ў Мінскім гета і Трасцянцы. Сюды ён патрапіў выпадкова – прыехаў са Стоўбцаў наведаць сябра ў лякарні непадалёк.
Я спытаў яго, колькі яму гадоў і ў якой сферы працуе. Гадоў яму аказалася за сорак, працуе інжынерам у камунальнай гаспадарцы.
Я не ведаю, чаму я спытаўся ў яго пра гэта. Мабыць, таму, што сам быў узрушаны: мне здавалася, што няма на Зямлі чалавека, які нічога не ведае пра Халакост…
Мікалай зашпіліў пінжак, схіліў у задумёнасці галаву з рэдкімі русымі валасамі, потым шырока перахрысціўся і павольна накіраваўся у бок Сухой.
Я вярнуўся поглядам да камянёў. Не, не да тых трох ад немцаў, а да іншых, хаатычна параскіданых проста ля іх падножжаў.
Гэта былі мацэйвы – помнікі з габрэйскіх могілак на Сухой, што знішчаны яшчэ ў 70–90-х гадах мінулага стагоддзя. Але камяні-помнікі працягвалі выкараскавацца з зямлі. Тады, пяць гадоў таму, калі пракладвалі цеплацэнтраль уздоўж Перакопскай, не менш за два дзясяткі сцягнулі і кінулі ля «Трох камянёў».
Я ўзгадаў дзеда Саламона.
Я ўявіў, як хавалі яго ў 1914 годзе, калі ён, рабочы разніцы, памёр ад сухотаў, а майму бацьку, наймалодшаму з ягоных чатырох дзяцей, не было і двух месяцаў.
Яго везлі, мабыць, сюды, на Сухую, па Габрэйскай вуліцы, пазней чамусьці названай Калектарнай. Вось тут была брама, побач майстэрня могілкавых каменячосаў…
Я, вядома, не спадзяваўся, што знайду мацэйву з ягоным імем. Але дух ягоны пэўна лунаў над гэтым месцам, прымушаў сціскацца сэрца…
Здалёк, мусіць, мы выглядалі дзіўнавата – Леў Слобін, вядомы кінадакументаліст, Сямён Ліакумовіч, адзіны мо ў Мінску знаўца ідышу, і я. Нехта праходзіў міма, нехта спыняўся, назіраючы, як немаладыя людзі нахіляюцца над нейкімі камянямі… «…Карп, дакладна, гэта прозвішча Карп… А вось Ціне Файленбоген…» – Сямён Львовіч прашараваў