Мосцік над вечнасцю (зборнік). Сяргей Ваганаў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Мосцік над вечнасцю (зборнік) - Сяргей Ваганаў страница 11
Я не лічу сябе спецыялістам па выхаванню патрыётаў, але ўпэўнены: рабіць з вайны, з яе крывавых параз і, тым больш, крывавых перамог выток патрыятычных пачуццяў – амаральная справа…
…Нехта абураўся: як можна браць грошы, нават такія мізэрныя, за патрыятычны ўздым на вышыню «ўсенароднай славы»?!
Гістарычна курганамі пазначаюцца месцы старажытных пахаванняў.
Цяжка сказаць, калі пад «Курганам Славы» будзе назаўжды пахаваны так званы савецкі патрыятызм. Вельмі танны патрыятызм, якому, як раптам высветлілася, грош цана.
У адрозненне ад таго вядзерца жоўтага, уперамешку з глінай і дробнымі каменьчыкамі пяску, што падсыпаў некалі ў падмурак памяці Ігар Садоўскі, якога так хутка дагнала вайна…
Вядзерца, якому няма цаны.
Дзіцячыя гульні дарослых
Даўно цягне выказацца пра так званыя ваенна-гістарычныя рэканструкцыі.
Лічыцца, што яны паглыбляюць гістарычныя веды, стымулююць цікавасць да гісторыі і выхоўваюць патрыятызм.
Так, мусіць, паглыбляюць, стымулююць ды выхоўваюць. Але вось жа нешта стрымлівае ад захаплення, калі чытаеш, як сёлета святкуецца 600-годдзе Грунвальдскай бітвы, якая адбылася ў 1410-м, ці як «парламентарии машут белыми платками…» падчас рэканструкцыі падзей 1-й сусветнай вайны пад Смаргонню.
Усё гэта, зразумела, дробязі, памылкі ў датах ці ў словах лёгка папраўляюцца. Тое, дарэчы, і зрабіла на сваім сайце газета «Вечерний Гродно», памяняла «парламентариев» на «парламентеров». Што праўда, «белые платки» засталіся…
Але ж я – пра іншае.
Пра тое, як «…За полчаса зрители прожили четыре года: увидели наступление войск, закрепление линии обороны, газовую атаку, момент братания и окончание войны…» Дарослыя пры тым «плакали», а «дети просили больше не стрелять»… То бок так было ўсё праўдзіва.
Чаму ж не пакідае адчуванне нейкай фальшывасці? І ад гульні ў Грунвальд, што адбываецца ў Дудутках, і ад ігрышч на «Лініі Сталіна», і ад згаданай страляніны пад Смаргонню…
Я доўга не знаходзіў адказу на гэтае пытанне, пакуль у чарговых жахлівых «карцінках» з Данбасу не ўбачыў двух хлопчыкаў, гадоў, мо, дзевяць-дзесяць, з драўлянымі «калашамі»…
Я не ведаю, хто з іх быў «бандэраўцам», а хто «апалчэнцам». Адзін хутка прамільгнуў, мусіць, недзе па-за кадрам абраў зручную пазіцыю. Камера засяродзілася на другім. І вось тут я знайшоў адказ: ён так натуральна, так прафесійна то хаваўся за выступам паўразваленай сцяны, то высоўваўся на хвіліну, каб хуценька выпусціць у «ворага» смяротную кулю, што стала зразумела: на сапраўднай вайне дзеці не просяць, каб дарослыя больш не стралялі.
Шмат аб чым дзеці просяць дарослых