Мосцік над вечнасцю (зборнік). Сяргей Ваганаў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Мосцік над вечнасцю (зборнік) - Сяргей Ваганаў страница 6
Таргавацца былы лётчык грамадзянскай авіяцыі не ўмеў. Амаль адразу ён зразумеў, што ні ягоны ладны домік, ні дагледжаныя, што было відаць нават пад снегам, соткі я купляць не буду. І раптам заплакаў: «Думаеце, я хачу прадаваць? Трыццаць гадоў… столькі працы… столькі жыцця… І ад’язджаць не хацеў. Але як убачыў на дзвярах кватэры намаляванае белай фарбай «ЖЫД», вырашыў: ўсё, кропка!»
…«Жыд» Карасік памёр у Амерыцы ці не праз год, у 97-м.
Звыш двух гадоў няма і Косціка. Бацька яго, дарэчы, ніколі не быў ні «жыдом», ні «адміралам». Хто хоча даведацца, кім ён быў, хай паглядзіць сайт прысвечаны Кастусю Тарасаву, і пачытае ягоныя кнігі…
А саматужнаму гуру хачу нагадаць тыя часы нашай гісторыі, калі слова «жыд» было не словам, а хваробай. Смяротнай, нават літаральна, хваробай для людзей і грамадства.
Ці вылечаная?..
Пытальнік там, дзе, здавалася б, пастаўлена апошняя кропка.
Барыкады Хеопса
Я пачуў гэта на Камароўскім рынку, у радах, дзе ўзвышаюцца горы заморскай садавіны і гародніны. «Ды тут у вас сапраўдныя барыкады Хеопса!»
Бальзакаўскага ўзросту дамачка, рызыкуючы зламаць высачэзны абцас, намагалася ўручыць гандлярцы статысячную купюру, не дацягваючыся да працягнутай насустрач рукі. З-пад густога макіяжу на цалкам правінцыйнай фізіяноміі прабіваўся пасярод марознай зімы медна-чырвоны загар. У Егіпце, мусіць, пабывала. («В Египете» – натыкнуўся днямі ў некалі паважанай расійскай газеце.)
Я не вытрымаў, разрагатаўся.
Чорт мяне пацягнуў «узнікаць». Такой лаянкі ў свой адрас я не чуў за ўсё жыццё…
Да вечара эпізод забыўся. І, магчыма, забыўся б назаўсёды, каб не «Панорама!.. На Первом!»… Зразумела, можна было б і не глядзець, колькасць і якасць адборнай прапаганды добра вядомыя загадзя. Але набліжаліся 90-я ўгодкі БНР, вакол гэтай падзеі і таго, як яе адзначаць, разгарнуліся спрэчкі. І тут «солидные люди», якіх сабрала за «круглым сталом» «солидная газета», нечакана нарадзілі «сенсацыю»: дазволілі нарэшце БНР прысутнічаць у беларускай гісторыі, ды яшчэ ў якасці папярэдніцы незабыўнай БССР! Цікава стала, як абвесціць пра ўсё гэта «телевидение твоей страны»…
Абвясціла. Па звыклай завядзёнцы пайшло на вуліцу паслухаць так званы «глас народа». І, як заўсёды, пачула тое, што хацела: «народ» пра БНР нічога не ведае і – вось яно! – ведаць не жадае! Якое ж тут свята?! Які юбілей?! Якія шэсці з нацыянальнымі сцягамі?!
Замест таго, каб засмуціцца правалам у нашай гістарычнай памяці, так і перла з экрана пачуццё глыбокага задавальнення. Прасцей сароміць «тупых янкі», якія не ведаюць, што Александрыя знаходзіцца не ў Егіпце, а недзе пад Шкловам, чымсьці