Мае дзевяностыя. Альгерд Бахарэвiч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Мае дзевяностыя - Альгерд Бахарэвiч страница 13
У 2001-м я напішу апавяданьне «Талент заіканьня», якое будзе перакладзенае на розныя мовы, выйдзе ў амэрыканскай анталёгіі «Best European Fiction» і прынясе мне шмат славы. І ў ім я скажу, горда і з годнасьцю: літары вынайшаў заіка.
«Корабль, летящий вдаль»
Мая кляса… Як і ва ўсіх клясах усіх школаў, у ёй вучыліся розныя людзі: свае нармальныя пацаны, шчырыя хлопцы, адмарозкі, пасрэднасьці, кар’ерысты, шэрыя мышкі, рана сасьпелыя прыгажуні, дубаломы, летуценьніцы і летуценьнікі. Дзяўчаты ў аднолькавых карычневых сукенках зь белымі карункамі, банты, касмэтыка – і мы, хлопцы, у сініх касьцюмах і гальштуках-селядцах. Дзіўна, што юначы школьны дрэс-код дазваляў больш за дзявочы: касьцюмы, прынамсі, можна было насіць рознага пакрою, розных фабрык, рознага адценьня сіняга або шэрага, а бедныя дзеўкі мусілі надзяваць аднатыповыя сукні. Больш за ўсё ў сваіх апранахах мы нагадвалі каманду афіцыянтаў, якая абслугоўвала чужое сьвята. Падручнікі і сшыткі ў той час было прынята насіць у «дыпляматах» з мэталічнымі бліскучымі зашчэпкамі – прэстыжная была рэч, а партфэлі мелі вучні найменш заможных бацькоў. Дзявочы сьвет у старэйшых клясах рашуча перайшоў на сумкі. А потым зьявіліся пакеты – з надпісамі на «інастраннам», мода на іх была павальнай, пакет з лацінскімі літарамі зрабіўся сьцягам школьніцтва і студэнцтва, сымбалем новага чалавека – Кліента і Спажыўца.
Жорсткасьць была ў школе законам. Я памятаю ўрокі, на якіх гулялі ў квача кавалкам акрываўленай ваты – выхапленай завадатаркамі клясы ў нейкай слабой ахвяры ў жаночым туалеце і кінутай на пацеху хлопцам, з гучным абвяшчэньнем імя: у яе месячныя, ах…ць! Памятаю, як моцныя даводзілі слабых, на кожным уроку, кожным перапынку, памятаю калектыўнае зьбіцьцё, байкоты, двубоі да крыві, абыякавасьць, цынізм і поўную адсутнасьць эмпатыі, выбітыя зубы, скрадзеныя рэчы, памятаю гнюснае жаданьне на кожным лапіку калідора і ў кожнай сытуацыі ўсталяваць цьвёрдую герархію, я памятаю пот і страх статку. І на ўсё гэта настаўнікі глядзелі скрозь пальцы, бо ўся сыстэма была пабудаваная на гэтым: страху, сіле, уладзе тупасьці і ўбоства, я памятаю альфа-самцоў і самак, і амэгаў, і калі ўсе на аднаго…
«Школа як школа», – пацісьне плячыма практычна любы дарослы чалавек, які прайшоў празь пекла ўсеагульнай адукацыі. Не. Ніхто не прымусіць мяне лічыць такі расклад прымальным і неабходным (нібыта для загартоўкі характару). Пабудаванае на прыніжэньні і гвалце апрыёры ня можа быць правільным,