Мае дзевяностыя. Альгерд Бахарэвiч

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Мае дзевяностыя - Альгерд Бахарэвiч страница 8

Мае дзевяностыя - Альгерд Бахарэвiч

Скачать книгу

было нельга, хоць ужо афіцыйна і не забаронена. Тая самая Ніна Сяргееўна, зь якой мы спрачаліся пра мараль у Дастаеўскага і містыку ў Гогаля і якая заляпіла мне «два» толькі аднойчы: калі я на ўсю клясу назваў пэрсанажа «Ціхага Дону» «бальшавіцкай сволаччу» і адмовіўся пісаць пра яго сачыненьне.

      Які ж палітычны гэта быў час! Прыходзіш у школу: усе абмяркоўваюць паседжаньні Вярхоўнага Савету – школьнікі, настаўнікі, вахцёрка з кухаркай, завучы, дырэктар. Ідзеш у краму – і там тое самае. І паўсюль пырскае сьліна, лятуць маланкі з вачэй, грукаюць кулакі – народ чыхвосьціць усіх, камуністаў, дэмакратаў, нацыяналістаў, нікому рот не заткнеш, усе маюць права на «мненіе». Фразачкі з учорашніх тэлетрансьляцый на раніцу робяцца мэмамі: «Шаноўныя грамадзяне, асвабадзіце задні праход». Лаўрэнцій парадыруе кагосьці, здаецца, Дземянцея: «Шаноўныя дэпутаты, у нас дэмакратыя, кожнаму па тры мінуты!» Па Шабанах ходзяць анэкдоты пра Пазьняка – спачувальныя, К. з нашае клясы шэпча мне на ўроку: «Беларусь ад Атлянтыкі да Ўралу!», анэкдоты пра Леніна ўжо нікому не цікавыя.

      «Пісацелем будзет»

      Пачуўшы ад Ніны Сяргееўны пра футурыстаў, пачуўшы верш Бурлюка пра «беременного мужчину» («как он хорош у памятника ПушкИну»), я і сам пачаў пісаць усялякую «футурыстычную» графаманію пра розных «уклюжих медведей». А потым замест абавязковых сачыненьняў стаў здаваць настаўніцы сюррэалістычныя тэксты, за зьмест якіх яна ставіла нязьменнае «пяць» (дый з артаграфіяй і пунктуацыяй у мяне ўсё было ОК). Скажам, задае яна нам напісаць сачыненьне па карціне Шышкіна і атрымлівае ад мяне абсурдны опус пад назвай «Синие шарики на зеленом столе», поўны наркаманскіх вобразаў, якія ня маюць да жывапісу Шышкіна ніякага дачыненьня, тэкст, створаны з дапамогай аўтаматычнага пісьма, ды яшчэ з элемэнтамі «плыні сьвядомасьці». І ставіць мне 5. «Ён так адчувае», казала настаўніца. «Я стаўлю 5 за стыль. Мне здаецца, у яго літаратурны талент». Сачыненьні мае чыталі перад усёй клясай – і цяпер я разумею, што гэта быў першы мой досьвед публічнага прызнаньня. Кляса рэагавала па-рознаму: адны казалі, што з Бахарэвічам усё ясна – «писателем будет», іншыя шматзначна стукалі пальцамі па лбах і круцілі пальцам ля скроні; выдатніцы, якія добрасумленна перапісвалі ўсё з падручніка, крыўдавалі, мае сябры, якія і самі пісалі самастойна і цікава, сьмяяліся, а большасьці было да дупы, што я там панапісваў: літаратура падавалася ім абсалютна бессэнсоўным заняткам. І ў нечым яны мелі рацыю.

      Пад дзікай валасьнёй

      А вось беларускую літаратуру я адразу ўспрыняў як нешта абсалютна ідэалягічнае – усе гэтыя нудныя, падхалімскія, бяздарныя тэксты пра вайну і вёску падаваліся мне наўмысна створанымі дзеля таго, каб ператвараць нас у паслухмяных жывёлаў. Не было ніводнага пісьменьніка ці паэта, які б зацікавіў мяне ці маіх сяброў (калі якая-небудзь дробная дзяўчынка з нашай клясы пакорліва дэклямавала ля дошкі «Я мужык-беларус», мы ўгаралі так, што лезьлі пад парты). Ні пра якога Мрыя, Разанава

Скачать книгу