Мае дзевяностыя. Альгерд Бахарэвiч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Мае дзевяностыя - Альгерд Бахарэвiч страница 10
У нашай школе па вечарах пачала рэпэтаваць група аўтазаводзкіх панк-рокераў – каманда пад назваю «Гырб і сын». Мы пасядзелі ў іх на рэпэтыцыі, раззнаёміліся, была тут і парачка нашых мясцовых мэталістаў, якія пагардліва ставіліся да панку – «вот дэз-мэтал, это да, музыка, а вы – клоўны…»
«Гырб і сын» былі першай сапраўднай групай, якую я пабачыў жыўцом. Пасьля 1992-га я пра іх больш ніколі ня чуў. Але іхная прымітыўная, іранічная і грубая музыка так мяне ўразіла, што я вырашыў, што таксама хачу – і магу! – граць панк. Пра што я расказаў Максу і Славу адразу, як мы выйшлі са школы. Іх гэта ня надта каб задаволіла, яны любілі хард-рок, арт-рок і блюз, а Слава – яшчэ і розны прагрэсіўны, інтэлектуальны мэтал, але да стварэньня ўласнай банды заставалася нядоўга.
Ты – гімнастка
І вось зімою, даведаўшыся, што мы нешта там граем на сваіх лесьвічных пляцоўках, нас заспрасілі выступіць у актавай залі на школьным сьвяце. Клясычная гісторыя… Арганізатары ня мелі ніякага ўяўленьня пра тое, што мы граем і якія ў нас музычныя здольнасьці. І сваю памылку яны зразумелі занадта позна.
У прызначаны час мы выйшлі на галоўную школьную сцэну. Апошні раз я выступаў тут у пятай клясе, у ролі месяца Апреля з казкі «Дванаццаць месяцаў». І вось я зноў тут – гэтым разам як рок-зорка.
Слава загрукаў у імправізаваныя барабаны – пазычаныя ў бацькоў тазы рознага памеру. Яму было добра. Яго ніхто ня бачыў.
Макс пачаў гітарную партыю, якая складалася з набору гучных, рэзкіх і да немагчымасьці простых аднастайных рыфаў: ту-ду, туду-ту, туду, туду-ту… Ён быў цалкам заняты сваёй справай і, здавалася, не заўважаў, што адбываецца ў залі.
А на мяне ўтаропілася ўся школа. Я выгнуўся, зрабіў жудасны твар, скурчыў пальцы ў эфэктнай сутарзе і зароў у мікрафон нядаўна прыдуманы тэкст, прысьвечаны невядома каму і чаму:
«Чуеш, Мікола, белыя кветкі паўсюль!
Хцівыя сківіцы іх шыхтуюцца ў рад!
Але гэта часова, гэта пакуль
Што-о!
Белых кветак тут засталося няшмат!»
Які Мікола? Якія, блін, кветкі? Пра што яны і навошта? Я зразумеў, што гэта правал. Уласная бяздарнасьць і нашая поўная бездапаможнасьць раптам выявіліся перада мной ва ўсёй сваёй жахлівай паўнаце і неаспрэчнасьці. Але адступаць было нельга. Макс перайшоў на іншы акорд, і я зароў яшчэ мацней, гледзячы на дырэктара:
«Ты-ы-ы! Гімнастка-а-а! Ты-ы-ы! Гімнастка-а-а!»
Дырэктар пачырванеў і адвярнуўся. Нам далі дайграць да канца, але больш на сьвяты не запрашалі. Затое пасьля канцэрту да нас падышоў адзін з шабаноўскіх мэталістаў:
«Уважаю! Хоть вы и панки, но реветь ты умеешь! Вам нужно дэз играть, пацаны!»
Але нават гэта