Мае дзевяностыя. Альгерд Бахарэвiч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Мае дзевяностыя - Альгерд Бахарэвiч страница 14
Канец фільму
Улетку 1992-га мы сядзелі на школьным стадыёне і курылі – усёй нашай кумпаніяй. Гэта была першая цыгарэта ў маім жыцьці, і я мужна змагаўся з уласным арганізмам, які ўсяляк супраціўляўся, толькі б не прымаць у сябе атруту. Наперадзе быў выпускны, на якім я выпіў бутэльку віна і нават не захмялеў. Кажуць, так часта бывае першы раз. Макс зьбіраўся паступаць на філязофска-эканамічны факультэт БДУ, Слава – на архітэктуру, Лаўрэнцій – у пэдагагічны на гісторыка, Лёха – у наргас, я – на філфак пэду. Школа скончылася.
Наступны раз я ўвайду ў маю яшчэ не зусім чужую, але ўжо апанаваную зусім іншымі пахамі і гукамі школу ў ліпені 1994-га – каб аддаць свой голас за Пазьняка на першых у незалежнай Беларусі прэзыдэнцкіх выбарах. І больш ужо ніколі сюды не вярнуся.
МОВА: ГІСТОРЫЯ ХВАРОБЫ
Вірус
Вірус беларушчыны я падхапіў яшчэ ў канцы 80-х – і вельмі хутка хвароба перайшла ў хранічную стадыю: так я і пражыў да сёньняшняга дня і ні пра што не шкадую. Самое слова «беларушчына», дарэчы, мне ніколі не падабалася, ёсьць у ім нейкія бяздумныя ахвярнасьць і фанатызм, а яшчэ абмежаванасьць і, галоўнае, адсутнасьць самаіроніі, той гаючай самаіроніі, на якой заўжды трымалася мастацтва. І пры гэтым тэрмін «беларушчына» не ахоплівае ўсяго, што адбываецца пад яе сьцягамі, – ён ня ўлічвае цудоўнай і трагічнай разнастайнасьці маёй унікальнай і няшчаснай радзімы. Ну, ды бог зь ім. Раскажу, як усё пачыналася.
Моцна, але недакладна
Недзе ў самым канцы 1989 году бацька, які тады працаваў у Жодзіне і кожны дзень езьдзіў туды чыгункай, прынёс дахаты газэты, якія купіў у электрычцы. І сярод іх была газэта БНФ – ня памятаю ўжо, як яна называлася. Я ў той час прагна накідваўся на любое новае чытво, дык узяўся і за гэты баявы лісток, пачытаў – і мне спадабалася. Мне хацелася яшчэ – і я пачаў паляваць на нацыяналістычную літаратуру.
На дзіва, такая знайшлася – нібы толькі й чакала, калі я прачнуся.
Гэта быў зусім нечаканы погляд на краіну, у якой я жыў, і мне раптам зрабілася ясна, дзе я, хто я, у чым сэнс таго, што адбываецца навокал, і чаго можна чакаць ад найбліжэйшае будучыні. Вядома, усё гэта цудоўна зрэзаніравала і з маім падлеткава-юначым пратэстным настроем – падсьвядома я ўжо тады шукаў альтэрнатыву ўсяму, з чым сутыкаўся, мне было важна заўжды бачыць супрацьлегласьць заведзенаму парадку, і так яно і засталося на ўсё жыцьцё. Як толькі нешта робіцца мэйнстрымам, я станаўлюся на бок альтэрнатывы або сам імкнуся яе стварыць.