Канец адзіноты. Януш Леон Вишневский
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Канец адзіноты - Януш Леон Вишневский страница 19
Іскра ўважліва яго выслухаў, а потым нечакана спытаў, як завуць ягоную маці. Быццам гэта было самым важным. І раптам устаў, узяў ката на рукі, абняў і пачаў расказваць, што «ў Понтыя Пілата балела галава і што ён марыў толькі пра тое, каб зноў апынуцца ў сябе дома». І яшчэ згадаў нейкага Ешуа і першасвятароў. Спачатку Якуб падумаў, што Іскра трохі трызніць, бо ў галаве нешта перамкнула ад удару аб падлогу, і толькі потым зразумеў, што Іскра, які стаіць перад ім – з катом Бегемотам на руках, – дэкламуе «Майстра і Маргарыту»! Хлопец глядзеў на яго разгублена, не ведаючы, як рэагаваць. Смяяцца? Здзіўляцца? Захапляцца? Тое, што тут дзеялася, патыхала яшчэ большай сюррэалістычнасцю, чым увесь булгакаўскі Воланд і кот, які ездзіў па Маскве. І, нібыта гэтага было мала, акурат у момант, калі Іскра цытаваў урывак пра трамвай, які адрэзаў галаву Берліёзу, на пятлі проста за ўніверсамам з віскам затармазіў трамвай! Іскра дэкламаваў далей, і да парапета падыходзілі і сядалі побач новыя людзі. Спачатку – маладая дзяўчына з зялёнымі валасамі, потым – высокі худы хлопец у акулярах, які, заціснуўшы каленямі скейтборд, цішком пачаў запісваць выступ Іскры на тэлефон, яшчэ пазней – украінская касірка, што выбегла пакурыць, за ёю – пара старых, якія цягнулі дзве вялікія торбы з пакупкамі. І хутка там ужо сядзелі радком некалькі чалавек, што з цікаўнасцю і здзіўленнем разглядалі мужчыну, які чытаў маналог з катом на руках. Сядзелі і моўчкі слухалі.
У нейкі момант за спінаю Іскры паказалася Надзя ў аліўкавым спартыўным касцюме, са звязанымі ў хвост валасамі і з тэлефонам у руцэ. Прабегла міма Іскры і раптам рэзка спынілася. Стала непадалёк. Схавала тэлефон у кішэнь і пачала слухаць. Якуб зірнуў на гадзіннік: з таго часу як ён выйшаў з дому, прамінула амаль дзве гадзіны. Ён ускочыў і паспяшаўся да Надзі.
– Я хвалявалася, – шапнула яна, прыціскаючыся да хлопца. – Ты пакінуў мяне адну так надоўга. Хто гэта? Што з ім? Жабрак які-небудзь? Упершыню бачу, каб жабравалі з дапамогай Булгакава. Мужык адпальвае. Я ўражаная. Цікава, што ён курыў.
– Нічога ён не курыў! Не жабрак гэта! – рэзка запярэчыў Якуб. – Ён упаў, пабіўся галавой аб падлогу, мы размаўлялі пра катоў, а потым ён узяў і пачаў цытаваць «Майстра і Маргарыту».
– Чаму ўпаў? Што здарылася? Пра якіх катоў, Куба? У цябе ж няма ката. Што ты нясеш? Вы разам курылі? – спытала Надзя, хапаючы яго за руку.
– Ды не! Што ты выдумляеш! Вядома, не! – усклікнуў ён.
Іскра замаўчаў і павярнуўся да іх. Бегемот вырваўся з яго абдымкаў і пабег да сметніц непадалёк ад сэканда. У Іскры быў выгляд чалавека, якога вырвалі з летаргічнага сну: ён здзіўлена разглядаў тых, хто сядзеў на парапеце. Потым закурыў цыгарэту і павольна пайшоў за катом.
Першаю запляскала ў ладкі дзяўчына з