Канец адзіноты. Януш Леон Вишневский
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Канец адзіноты - Януш Леон Вишневский страница 18
Неяк у пачатку сакавіка, калі ён, як заўсёды, сядзеў побач з «бамжамі», запіваючы цёплую булку кефірам, з лаўкі падняўся мужчына ў зялёнай куртцы – Якуб бачыў яго і раней. Худы, маўклівы, з сумнымі вачыма, ён звычайна трымаўся ўбаку ад іншых і часта чытаў кнігу альбо газету. У тую суботу таўсценны чорны кот, які ляжаў найбліжэй да вітрын, пачаў гучна мяўкаць. Гэта нагадвала жаласны плач немаўляці. Мужчына ў зялёнай куртцы хістаючыся падышоў да яго, прысеў, дастаў з кішэні пакунак з фольгі і, чухаючы ката за вушамі, пачаў яго карміць. Праз хвіліну тоўстая прадавачка ў белым фартуху выбегла з-за прылаўка і, намагаючыся вырваць пакунак з рук мужчыны, гучна ўсклікнула:
– Ты што тут антысанітарыю разводзіш, га, Іскра? Табе глузды адбіла ці з самага ранку ўжо назюзюкаўся?
Усе, хто сядзеў на лаўках ля лікёра-гарэлачнага, сціхлі нібы па камандзе. Мужчына, якога пхнула прадавачка, упаў, стукнуўшыся галавой аб падлогу. Жанчына альбо не заўважыла гэтага, альбо папросту праігнаравала. Расставіўшы ногі, яна навісла над ім, крычучы:
– Не карміць жывёл у краме! У заалагічнай – кармі, калі прыперла! Ты ж нам санстанцыю сюды наклічаш і з тэлебачання яшчэ! Ці ты не бачыш, што Бегемот ужо і так як свіння аб’еўся? А раве, бо ўспомніў, што сакавік! Дзень з ноччу паблытаў, бо сляпы на адно вока і некастрыраваны! Наравецца і перастане!
Спалоханы кот панічна пабег да выхаду. Якуб ускочыў з лаўкі, падышоў да мужчыны, які ляжаў на зямлі, і падаў яму руку, дапамагаючы ўстаць.
– Вы нічога не пашкодзілі? Усё ў парадку? – спытаў ён ціха, калі мужчына ўрэшце ўстаў і схапіў яго за плячо, каб утрымацца на нагах.
– У найлепшым на свеце парадку, малады чалавек, – адказаў той, змушана ўсміхаючыся. – Усё трашчыць і пішчыць, – дадаў ён, памаўчаўшы, і акуратна абмацаў чэрап. – Калі вы гэтага трэску не чуеце, значыць, мяне моцна галавой аб зямлю шандарахнула. Сумнага коціка хацеў прыгарнуць, істоту галодную накарміць, як Бог наказаў, – ён уздыхнуў і ціха дадаў, абтрасаючы куртку: – А гэтая мегера яго прагнала. Відаць, ніхто яе не любіць.
Калі мужчына павольна клыпаў да выхаду, апусціўшы галаву, над лаўкамі ўсё яшчэ вісела ціша.
Так лёс звёў Якуба з Іскрам, адзіным бамжом, якога ніхто і ніколі, як выявілася пазней, бамжом называць не адважваўся. Максімум «бяздомным». У пачэснай кампаніі заўсёднікаў Бермудскага трохкутніка (так на раёне называлі невялікую пляцоўку паміж бляшанкай універсама, аднапавярховым будынкам сталоўкі «Жамчужынка» і сэкандам з выцвілым надпісам «Фірмовае адзенне з Заходняй Германіі на вагу» над дзвярыма) амаль усе гаварылі пра яго як пра Іскру і звярталіся гэтак жа. Былі і такія, што казалі выключна «наш пан Іскра», і ў гэтым чуліся павага і цеплыня. Зрэшты, яго так і звалі: Леон Барталамей Іскра.
Якуб пра гэта даведаўся, калі ў тую сонечную суботу выйшаў на пляцоўку за крамай. Мужчына ў зялёнай