Канец адзіноты. Януш Леон Вишневский
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Канец адзіноты - Януш Леон Вишневский страница 17
Таксама іх рытуалам зрабіліся ранішнія выхады па булачкі і спакойныя лянівыя познія сняданкі. Ранкам у суботу, стараючыся не будзіць Надзю, Якуб бясшумна вылазіў з ложка і ішоў па свежы хлеб і яе ўлюбёныя круасаны з карыцай у маленькую пякарню ў прыбудове да раённага ўніверсама. За пякарняй месцілася легендарная, знакамітая далёка за межамі раёна цукерня пад назвай «Саладзенькі пончык». У бетоннай гаражнай сцяне было прастакутнае акно: да яго аднойчы прымацавалі драўляны прылавак, а ўсярэдзіне пачалі пячы пончыкі. Самыя звычайныя. З павідлам. А потым аказалася, што нічога звычайнага ў іх няма і што людзі гатовыя прыязджаць па іх з іншага канца горада. А калісьці (Якуб ведаў гэта ад Надзі) «Саладзенькі пончык» зусім ніяк не называўся, а быў проста пустым акенцам у сцяне. У часы гарэлкі па талонах, калі бацька Надзі быў прыкладна Якубавага веку, там месціўся ўсім вядомы пункт нелегальнага продажу алкаголю. Дзень быў ці ноч – раз-пораз у акенца, закрытае тонкай фанерай, асцярожна стукалі, пасля чаго фанера падымалася, і з адтуліны паказвалася рука, у якую ўкладалі грошы. Калі іх было замала, рука з’яўлялася зноў – і так пакуль не набіралася патрэбная сума, пасля чаго рука ўрэшце аддавала жаданую бутэльку. Бацька Надзі расказваў, што міліцыянты і дружыннікі, якія прыходзілі сюды часта, са зразумелых прычын атрымлівалі гарэлку за так. То бок задарма і за тое, што закрывалі на гэта вочы. Міліцыянты і дружыннікі – яны ж таксама людзі.
У разгар «плана Бальцаровіча»3 (які мусіў завяршыцца, але ўсё ніяк не завяршаўся) гарэлкі ва ўніверсаме, нібы на ўзмах чароўнай палачкі капіталізму, стала хоць заліся, і той прытончык хутка перакваліфікаваўся ў кафетэрый. Пані Юзафіна, маці пана Юзіка, які, уласна, і валодаў гаражапрытонам, была каралевай выпечкі, і найлепш ёй удаваліся пончыкі. У новых акалічнасцях гэта быў адзіны кірунак развіцця. І, як выявілася потым, правільны.
Пані Юзафіна часта бывала ў «васьмёрцы». Гэта яе мазолістая рука працягвала сасмаглым бутэльку праз акенца ў гаражнай сцяне. Работа цяжкая, у тры змены, бо палякі п’юць круглыя суткі. Надзіна бабуля ў канцы жыцця зрабілася найлепшай сяброўкай Юзафіны, а тая – хроснай маці ейнага сына, Надзінага «таткі». Іншых сябровак у Польшчы не было ў абедзвюх. Абедзве прыехалі сюды адным і тым жа цягніком. У сорак сёмым, з Сібіры…
Не менш легендарным за «Саладзенькі пончык» быў мясцовы ўніверсам – вялікі будынак у форме куба, пакрыты рыфленым жалезам. Якуб бачыў такія ў гістарычных выпусках «Польскай кінахронікі», якія паказвалі штодзённасць сямідзясятых гадоў. Ён не мог зразумець, чаму гэтую брыдоту яшчэ не знеслі, Надзя ж лічыла яе «цудоўным узорам сацмадэрнізму», які варта ахоўваць (!). Да Якуба не даходзіла,