Канец адзіноты. Януш Леон Вишневский
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Канец адзіноты - Януш Леон Вишневский страница 14
– Уключы яго маме сёння. Паміж калядкамі, – сказала яна, кладучы дыск у пусты заплечнік. Потым абняла і пацалавала хлопца, усунуўшы яму ў руку ключ і заціснуўшы пальцы.
– Прыходзь сюды як мага часцей, – прашаптала яна. – Але цяпер ідзі. Табе нельга спазняцца.
Калі ён зачыняў крывую брамку, Надзя крыкнула ўслед:
– Шчаслівых свят, Куба!
У трамваі Якуб разгледзеў стары масянжовы ключ, які яна яму ўвапхнула, і прычапіў да звязкі сваіх. Ён быў цяжкі, нашмат большы за астатнія, нязручны, да таго ж адцягваў кішэнь. І ўсё адно Якуб вырашыў ніколі з ім не расставацца.
Для яго гэта было нешта большае, чым проста ключ. У дзяцінстве ён насіў вельмі падобны падчас летніх канікул над Бугам у прабабулі Леакадыі. Калі прабабуля пад вечар ішла ў касцёл «на горцы» (а яна хадзіла туды штодня) і яму ўдавалася вымаліць дазвол застацца і гуляцца з катамі на падворку ці ў закінутай стайні, яна ўручала яму вось такі ключ на доўгім скураным раменьчыку, наказваючы «не пускаць бандытаў на гаспадарку». Якуб радасна і пераканаўча ківаў, вешаў ключ на шыю, хаваў яго пад фланелевую кашулю, а прабабуля Леакадыя спускала з ланцуга кульгавую шалудзівую аўчарку Тосю, якая ледзь віхляла хвастом ад старасці. Потым падпірала каменем высокія дзверы хлява, дзе трымала карову Бялянку, і вешала замок на вароты ў канцы жвіровай сцежкі. Сляпая на адно вока Тося абыходзіла вароты, адшуквала першую-лепшую дзірку ў агароджы з іржавага дроту і нейкі час павольна чыкільгала за прабабуляй палявою дарогай, тужліва выючы. А потым вярталася, задыханая, доўгім ружовым языком выхлёбтвала ўсю ваду з бляшанай міскі і хавалася ў драўлянай будцы, накрытай кавалкамі руберойду. Нейкія там бандыты яе абсалютна не цікавілі. Так і скрэблася ў будцы, пакуль не вярталася прабабуля Леакадыя.
Ключом, які ён атрымаў ад Надзі, Якуб так ні разу і не адчыніў дзверы. Не хацеў. Яму падабалася стукаць чыгуннай калатушкай і чакаць, што Надзя з усмешкай адчыніць яму сама, прытуліцца да яго, пацалуе, вітаючы, паглядзіць у вочы і запросіць у дом, прагна шэпчучы: «Ну заходзь ужо». І ўсё адно той ключ быў заўжды пры ім. Уклаўшы яго Якубу ў руку тым калядным ранкам, Надзя дала яму зразумець, хто ён для яе. Гэта было лепш за любое прызнанне.
Пасля той куцці ён наведваў дамок пад нумарам восем рэгулярна. Калі яны абое былі ў горадзе (што здаралася нячаста, бо Надзя шмат падарожнічала), Якуб прыходзіў у пятніцу пад вечар, і яны жылі разам аж да нядзелі. Менавіта так – жылі разам. Дзве ночы і амаль тры дні – бесперапынна побач адно з адным. Не адыходзячы настолькі, каб нельга было пачуць голас іншага. Як пара ў нядзельным шлюбе, якіх навокал рабілася ўсё больш.
А з панядзелка да пятніцы яны пісалі адно аднаму лісты. Не электронныя – звычайныя, папяровыя, якія прыносіў паштальён. З Надзяй гэта зусім не вязалася, бо яна была тыповай прадстаўніцай пакалення Z, мела акаўнты ў фэйсбуку, інстаграме,