Пярэваратні ў пагонах і без. Сяргей Пляскач
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Пярэваратні ў пагонах і без - Сяргей Пляскач страница 11
Куды яна схавае грошы, Ірка вырашыла яшчэ тады, калі іх у яе не было ні капейкі: бляшаная банка з-пад растваральнай кавы ля коміна на гарышчы даўно чакала свайго зорнага часу. Акрамя Іркі, у падстрэшша ніхто не лазіў: Віцёк піў, Саша яшчэ малы, а маці як чумы баялася нават зазірнуць туды, бо там некалі засіліўся яе першы муж. Апошняга факта дзяўчынка не ведала, таму і лічыла гарышча самым утульным месцам у доме.
Віцёк і Саша яшчэ спалі, калі маці вярнулася з працы. Яна, хоць і не вызначалася гаварлівасцю, напэўна ж, калі б чула пра аварыю, сказала б. Ірка раптам выказала жаданне схадзіць у краму за хлебам.
– Яшчэ ж рана, – здзівілася маці, – там хіба толькі ўчарашні застаўся.
– Пачакаю свежага. Рабіць усё адно няма чаго.
– Схадзіла б у гародчык, папалола, пакуль не горача.
– Ай! Палоць не люблю! – запярэчыла Ірка.
У краме, як і спадзявалася дзяўчына, ужо чакалі свежага хлеба з паўтузіна жанчын той пароды, якія ведаюць усё і пра ўсіх.
– Чыя гэта? – пацікавілася адна старая кабета, калі Ірка толькі пераступіла парог гандлёвай установы.
– Верчына.
– Іванчанкі? – удакладніла першая.
– Ды не, Баброва! Ад Іванчанкі ў яе малец!
– Дык я і кажу: Іванчанкавай. Гэта ж яна цяпер Іванчанка Вера, а была Баброва, Віцькова жонка.
Жанчыны гаварылі гучна. Тое, што Ірка ўсё чуе, іх зусім не бянтэжыла. Тым больш не турбавала, што думае пра іх дзяўчынка.
– Дык гэта яна на трасу ходзіць?
– Яна, бессаромніца!
– Глядзі ты: бірубалка, дошка пральная, а туды ж! І што гэта на свеце дзеецца, чаго яны цяпер за гэтымі мальцамі як шалёныя бегаюць… Раней мальцы за дзеўкамі бегалі, а цяпер свет перавярнуўся, усё наадварот… Ды каб я калі за якім пабегла… Мне б бацькі…
– Ды якія ў яе бацькі? – не дала дагаварыць першай маралістцы другая. – Верка з-пад кароў калгасных не вылазіць, а Віцёк той як сышоў у запой, так і не вяртаецца, нават працу кінуў…
– Што ты хацела? – пацікавілася ў Іркі прадавачка.
– Хлеба.
– Учарашні браць будзеш?
– Не.
– Тады чакай.
Ірка падумала, што, відаць, гэта добра, калі яна зараз тут, навідавоку ў гэтых пляткарак: меней пытанняў будзе, калі раптам пачнуць тыя грошы шукаць. А мо і зусім пра яе ніхто не ўзгадае…
Ля канторы спыніўся джып старшыні калгаса. Усе жыхары вёскі нават не ведалі, як цяпер называецца іхняе аграпрадпрыемства і пасада яго кіраўніка, таму звалі ўсё па-ранейшаму: калгас, старшыня, праўленне… Хаця вёску чамусьці, ці то ўсур’ёз, ці то жартам, хутка прызвычаіліся называць аграгарадком.
Старшыня пайшоў у кантору, а