Пярэваратні ў пагонах і без. Сяргей Пляскач
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Пярэваратні ў пагонах і без - Сяргей Пляскач страница 12
Чым менш часу заставалася да ад’езду на вучобу, тым часцей Ірка караскалася на гарышча, каб патрымаць у руках свой неспадзявана вялізны скарб, які хутка ператворыць брыдкае качаня ў прыгажуна лебедзя… Прыкладна так можна растлумачыць сутнасць Ірчыных спадзяванняў, бо казак Андэрсана яна не чытала, а мультфільмы ніколі не разумела і не глядзела. Таму ў яе выпадку няхітрыя аналогіі хутчэй знаходзіліся ў бясконцых мыльных серыялах, у неверагоднай колькасці спажытых дзяўчынкай доўгімі зімовымі вечарамі, калі было асабліва нязручна бадзяцца па наваколлі.
VІ
Навіна аб тым, што ў аварыі загінуў намеснік начальніка раённай аўтаінспекцыі Юры Белы, на некалькі дзён захапіла ўвагу ўсіх жыхароў Круглага: людзі пераказвалі адно аднаму падрабязнасці трагедыі, называлі розныя прычыны здарэння, шчыра спачувалі жонцы і дзецям Юрыя Уладзіміравіча.
Андрэй Белы пацярпеў не так моцна, як казалі адразу: у яго была зламаная ключыца і ў некалькіх месцах рассечаная скура на патыліцы, ад чаго і склалася ўражанне неверагоднай страты братам інспектара крыві ды істотнага пашкоджання галавы. На трэці дзень пасля аварыі ён прысутнічаў на пахаванні Юрыя. Хто і як дапамог яму выкараскацца з разбітай машыны, Андрэй не памятаў. Тым больш не бачыў ён дзяўчынку ў сінім швэдры, якая падыходзіла да аўтамабіля адразу пасля здарэння: прытомнасць, відаць, усё ж на нейкі час была страчана. Ён не знаходзіў сабе месца ад роспачы, бо лічыў, што брат загінуў праз ягоную няўважлівасць і недагляд: трэба было праверыць тармазы перад вялікай дарогай і быць больш абачлівым падчас руху…
Галіна Васільеўна дзівілася свайму спакою, з якім успрыняла страшную навіну пра смерць мужа, той цвярозай разважлівасці, з якой аддавала распараджэнні пры падрыхтоўцы да хаўтураў, быццам гаворка ішла пра арганізацыю пахавання нейкага чужога і незнаёмага ёй чалавека.
Што гэта? Адказнасць перад дзецьмі? Настолькі трывалая загартаванасць нерваў?..
Яна нават злавіла сябе на думцы пра тое, што па-свойму добра, што Юра загінуў улетку, падчас доўгіх вакацыяў, і ў яе будзе час, каб хоць неяк адаптавацца да новага свайго становішча да пачатку навучальнага года…
Усе асабістыя рэчы мужа і восем тысяч долараў, якія знайшлі ў джынсавай куртцы Юрыя, Галіне Васільеўне перадалі ў дзень аварыі. І толькі тады жанчына згадала, куды і навошта ехаў муж і якія шалёныя грошы былі ў яго з сабою.
І зноў жа надзіва спакойна Галя адзначыла сабе, як добра, што нічога не знікла – без машыны яны з дзецьмі абыдуцца, а вось грошы відавочна спатрэбяцца…
У кожнага інспектара ДАІ нядобразычліўцаў хапае: мала хто з парушальнікаў правілаў дарожнага руху лічыць сябе пакараным справядліва. Большасць чамусьці