Зямля пад крыламі Фенікса (зборнік). Сяргей Балахонаў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Зямля пад крыламі Фенікса (зборнік) - Сяргей Балахонаў страница 14
Даволі цяжка паддаюцца з’ясненню пэўныя падзеі 1905–1906 гг. Традыцыйна лічыцца, што ў адпомсту за загад расстраляць мірную маніфестацыю ля Віленскага вакзала ў Менску (17 кастрычніка 1905 г.) эсэр Іван Пуліхаў ажыццявіў замах на губернатара Курлова, быў схоплены і неўзабаве павешаны на варотах Пішчалаўскага замка. Ягоны труп чатыры дні вісеў, нібыта для застрашэння гараджан. Як высвятляецца, насамрэч улады ніяк не маглі знайсці смеляка, каторы б наважыўся зняць цела з бэлькі. Іван Пуліхаў быў не зусім чалавекам. Знойдзеныя нядаўна Ахрэмам Шыбтымавым фрагменты апісання патолагаанатамічнага агляду цела знакамітага эсэра сведчаць пра мноства дзіўнотаў: «элементы чешуи по всему телу», «строение глаз выразительно птичье», «шестипалость обеих рук», «странные уплотнения на предплечьях». «Провести должным образом вскрытие не удалось. После первого надреза по неизвестной причине тело воспламенилось», – занатаваў патолагаанатам Ёсель Цынгель.[34] Магчыма, Пуліхаў быў феніксам-пярэваратнем – апрычоным адгалінаваннем ад галоўнага віду? Такія, як Пуліхаў, адрозніваліся меншымі памерамі і дзівоснай здатнасцю выглядаць як homo sapiens. Пра іх нам гавораць і беларускія легенды: часцяком у іх прыгадваецца, як вогненны змей або цмок здатны абяртацца ў чалавека.[35] А беларускаму народу мы можам цалкам давяраць, бо ён мудрэйшы за ўсе акадэміі навук.
Феніксы ахвотна супрацоўнічалі з дзеячамі навукі і культуры Беларусі XIX ст. Філаматам, што надта любілі праводзіць доследы з электрычнасцю, даводзілася камунікаваць з такім перастарым феніксам, што жыхарыў у ваколіцах Вільні. Да нас дайшлі чарнавыя запісы для спавешчання «Апісанне доследу для высвятлення наступстваў уздзеяння электрыкі птушкі-фенікса на малако і мёд» (каля 1817 г.). Аўтарам спавешчання быў адзін з філамацкіх фізікаў Аляксандр Карнэліюс Дзядэцкі. Вынікі эксперыментаў былі сенсацыйнымі: што з малака, што з мёду пасля электраўдару ўтваралася гарэлка.[36] Як ведама, удзельнікі тайных студэнцкіх таварыстваў у бальшыні сваёй гэты напой не паважалі, стараліся піць слабейшае. Апошняе і тлумачыць, чаму адкрыццё не стала ведамае для шырэйшага навуковага і грамадскага кола.
У 1880-я гг. нейкі фенікс жыў на Ўздзеншчыне ў маёнтку Над-Нёман, які належаў прыродазнаўцу Якубу Наркевічу-Ёдку. Маёнтак быў ператвораны
31
Cudzoziemcy о Polsce i Litwie. Kraków, 1973. S. 75.
32
Dodatek do pamiętników Ignacego Domeyki. Warszawa, 1901. S. 18.
33
Фатаграфія з прыватнага збору гомельскага калекцыянера старасветчыны Стывенсана Я. П. У публікацыі адбітку адмоўлена.
34
Нацыянальны гістрычны архіў Беларусі (Менск). Ф. 346. Воп. 22. Спр. 29. Арк. 88.
35
Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны даведнік. Менск, 2004. С. 188–189, 544.
36
Dziedecki A. K. Lustracja sproby… [Рукапіс Нацыянальнай бібліятэкі Польшчы (Варшава). Інв. № 68958.] С. 9.