У віры быцця. Ніл Гілевіч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу У віры быцця - Ніл Гілевіч страница 7
«Бебурнацы»
На працягу дзясяткаў гадоў я чуў на сходах у Саюзе пісьменнікаў, як адзін прамоўца страшыў літаратурную грамадскасць рэспублікі «бебурнацамі», іх шкодным уплывам на ідэйна незагартаваных творцаў. «Бебурнацы» – значыць «беларускія буржуазныя нацыяналісты». Без «бур» – нельга.
«Бур» – гэта вельмі істотна, буржуазны – значыць варожы працоўнаму народу. Гэтай подлай клічкай пачалі абзываць беларускую творчую інтэлігенцыю (самую патрыятычную!) яшчэ на мяжы 1920–1930-х гадоў. Не толькі абзываць, але і граміць, – спачатку ссылаць у ссылку, затым – на катаргу ў ГУЛАГ або ў шматлікія Курапаты (у магілу). Якая лютая была нянавісць пагромшчыкаў да беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, крытыкаў і літаратуразнаўцаў!
Нядаўна ізноў пабачыў на старым здымку дэлегатаў першага з’езда літаратурнай арганізацыі «Маладняк». Амаль усе спрэс – бедната, у кажушках, у саматканых вясковых світках… Беларуская буржуазія! Ворагі працоўнага народа!.. Да канца 1937-га амаль нікога з тых «Маладнякоўцаў» не засталося, выжылі на катарзе адзінкі…
Не дай Бог, калі мы пра гэту нечуваную беларускую трагедыю забудзем! Не дай Бог!..
Трывожна! Вельмі трывожна!
Вось і канец баявога 1991-га, і назва Рэспубліка Беларусь прынята, і Сцяг і Герб зацверджаны, і Закон аб Мовах дзейнічае, – а спакою для душы няма, бо няма пэўнасці, што гэта назаўсёды, што адкаткі назад не будзе… Не пакідае трывога, што недзе нешта «варыцца», што «адпрагаць» ці класціся адпачываць на лаўрах рана, што, наадварот, трэба быць пільным, вуха трэба трымаць востра, бо – не ўгаманіліся ж! Вунь колькі ідзе лістоў у Прэзідыум Вярхоўнага Савета, колькі ў газетах публікацый – супроць прынятага курса на «беларусізацыю». Значыць, наперадзе цяжкія выпрабаванні, бітвы-схваткі з «ворагамі беларушчыны». Для мяне гэта было ясна ў самым пачатку патрыятычнай ініцыятывы. Ведаў, якія антыбеларускія сілы сканцэнтраваны ў Беларусі. Колькі паўсюль, па ўсіх установах адкрытых і замаскаваных беларусафобаў, колькі аселых тут назаўсёды былых генералаў і палкоўнікаў – «асаднікаў» з Усходу, – энергічных, ваяўнічых, нахрапістых, чые рады пачалі папаўняцца за кошт вымушаных падацца прэч з Прыбалтыкі… Ведаў, што Масква так проста Беларусь «нацыяналістам» не ўступіць. І не верыў у шчырасць Ельцына, быў упэўнены, што «Віскулі» (акт аб распадзе СССР і ўтварэнні СНД) – толькі палітычны ход «цара Барыса» ў барацьбе за ўладу, самы верны спосаб зваліць Гарбачова. «Пакуль што – стану на чале Расіі, Расійскай Федэрацыі, а там – паглядзімпабачым!» Ну, што ж, паглядзім-пабачым і мы. Але – трывожна, вельмі трывожна!..
І хто ж гэта яшчэ ў 1855 годзе