У віры быцця. Ніл Гілевіч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу У віры быцця - Ніл Гілевіч страница 9
1930. Разгром Беларускай Акадэміі Навук, пасля якога яна ўжо ніколі не будзе беларускай. І па сённяшні дзень. І сёння – два-тры гуманітарныя інстытуты як фігавы лісток.
Рабочы момант
Больш чым хто пішуць лісты ў ВС РБ ветэраны вайны і працы. Вось і сёння мне як старшыні Камісіі па адукацыі і культуры паклалі на стол цэлы стос іх лістоў. Усе лісты поўныя гневу і абурэння. Чым абураюцца паважаныя пажылыя грамадзяне Рэспублікі? А вось чым: «Спыніце разбэшчванне чалавечых душ! Чаму кінапракат ва ўсё большых памерах закупляе нізкапробныя замежныя фільмы, якія прапагандуюць самыя брыдотныя пачуцці, прапаведуюць амаральнасць, жорсткасць, гвалтаванне, цынізм?»
І які ўжо раз адказваю: шаноўныя ветэраны! Камісія ВС неаднойчы прад’яўляла гэта патрабаванне Кінапракату, спецыяльную пастанову прымаў Прэзідыум ВС. Але ўсё – як гарохам аб сцяну. Чаму? А ўсё па той жа прычыне: Кінапракат, як і многае-многае іншае, у руках людзей, абыякавых да маральнага здароўя нацыі. Што будзе з нашым народам, які будзе яго лёс, яго менталітэт, што будзе з яго культурай, з яго духоўнасцю, – іх не турбуе. І так будзе да таго часу, пакуль дзяржаўная ўлада будзе ў руках ворагаў беларушчыны. Выберыце ў ВС і ва ўсе іншыя органы ўлады людзей, якім баліць душа і сэрца за Беларусь, за лёс народа Беларусі – і вы ўбачыце: вельмі хутка наступяць добрыя перамены і ў гэтай сферы – як і ва ўсіх астатніх. Гаспадар-патрыёт не дазволіць, каб Кінапракат нявечыў-калечыў душы яго дзяцей, нашай моладзі.
Усё сказанае датычыць і праграм тэлебачання.
Рускі інтэлігент
Рафініраваны рускі інтэлігент прафесар У. І. Пічэта, назначаны першым рэктарам БДУ (1921), адразу ж далучыўся да высакароднай справы беларусізацыі – далучыўся горача, з энтузіязмам – іншых адносін сумленне яму не дазваляла. З першых дзён ён абавязаў выкладчыкаў усе лекцыі чытаць па-беларуску, і сам пачаў даваць прыклад, хоць да прыезду ў Мінск не чуў беларускага слова. Больш за тое: у 1923 г. Уладзімір Іванавіч напісаў і выдаў навуковую працу «Беларуская мова як фактар нацыянальнай культуры». Падумайце толькі: старарэжымны, дарэвалюцыйнай вывучкі рускі прафесар – і вось вам, калі ласка!
Зрэшты, усё зразумела: інтэлігент. Сапраўдны. З вялікай літары. Менавіта такія лёс іншага народа прымаюць да душы і сэрца як свой уласны. Чалавечнасць у іх паперадзе ўсяго.
Які жах!
74 дэпутаты ВС РБ звярнуліся да Прэзідэнта РБ з просьбай правесці рэферэндум, якім надаць рускай мове (у Беларусі) статус другой дзяржаўнай. Гэта значыць, патрабуюць беларускую мову як дзяржаўную ліквідаваць. Іначай разумець іх просьбу нельга. У нашых умовах даць рускай мове правы дзяржаўнай – гэта азначае: беларускай мове смерць.
Вось такія патрыёты Роднай зямлі, Роднай мовы. Такія слугі беларускага народа. Іх прозвішчы