Вуліца Добрай Надзеі (зборнік). Міхась Андрасюк
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Вуліца Добрай Надзеі (зборнік) - Міхась Андрасюк страница 15
Наступнага дня дзядзька Коля не ўзняўся з пасцелі з ранішнім сонцам. А дзень уставаў прыгожы – як маладая панна ў храме, і гучны, як касцёльны звон, і адпуцаваны, як дэпутат мясцовага самакіравання ў дзень сесіі сваёй рады. Нават у маі, калі дастаткова колераў і гукаў, не заўжды ўдаецца натуры давесці працу да межаў такой дасканаласці.
Але дзядзька Коля быў бязмежна смутны і ў сваім смутку замкнёны на чатыры замкі цярпення. Зпад коўдры, зацягнутай да падбародка, адным вокам зірыў карціну на сцяне, а за другой вейкай, прымкнёнай, разгарталіся зусім іншыя лініі – авальныя, расцягнутыя – і складаліся яны кропля ў кроплю ў буйную фігуру цёткі Любы.
На трэці дзень у свядомасці дзядзькі Колі пачалі ўзнікаць абгрунтаваныя прыгажосцю малюнка падазрэнні – абмінула яго ў жыцці нешта незвычайнае і ў той жа час простае – каханне.
Бо жыццё дзядзькі Колі запаўняла выпадковая жанчына. Раздабытая ў суседнім мікрараёне клапатлівымі сваякамі, праз месяц заехала яна ў дом шлюбнай жонкай. А затым доўгімі дзесяцігоддзямі ішлі да сябе, набліжаліся на дотык далоні, адгукаліся на сакрэтную інтанацыю штодзённых слоў, калі ўжо не мае значэння – вядзецца размова голасам сэрца ці рэхам супольных дзён і начэй.
Вечарам дзядзька Коля дайшоў да высновы, што ў яго датыхчасовым жыцці не было ніякага сэнсу, і, гартаючы манатоннае мінулае, прызнаў рацыю даўганосага Косціка. У нядзельныя поранкі, калі жанчыны выпраўляліся ў царкву, мужчыны выстаўлялі на вуліцу столік і, шчыльна абсеўшы яго, гулялі ў “казла”.
– А дзяўчынку накрыем хлопчыкам, – забіваючы віновую даму віновым каралём, казаў даўганосы Косцік. – Во, як спакусліва застагнала князёўна.
– Э, усе яны аднолькава войкаюць і стогнуць. І князёўны, і тыя з тэлевізара, і доктаркі, і нашыя на фабрыцы, – згартаючы карты, пярэчыў дзядзька Коля.
– Ну, ты мне скажаш. Вось і не ўсе! – усміхаўся сваім тайным думкам Косцік. – Адна будзе ляжаць, бы мёртвае бервяно, а другая ўюном віцца, – трыумфальным жэстам забіваў яшчэ адну карту, канчаткова завяршаючы сваю над імі перамогу: “Туз! Мая бярэ ўсё”.
На чацвёрты дзень дзядзька Коля вырашыў, што ўвесь вонкавы свет не заслугоўвае таго, каб весці з ім якікольвек дыялог – і канчаткова адышоў у маўчанне. Адмовіўся ад слоў, і нават на звычаёвае “есці будзеш?”, як адзіны адказ, быў адмоўны ківок галавой. Ішоў на кухню, чарпаў вялікі кубак вады, пякучым сцюдзёным холадам забіваў правакацыйны пах яечні. Затым вяртаўся на тапчан.
На пяты дзень адмовіўся ад вады, а шостым адвячоркам, калі цётка Люба неспадзявана ўварвалася ў пакой, заспела яго з носам, забітым у малюнак, з пальцамі, што згартаюць з доўгіх да акна ног апошнія промні сонца. “Кахаю цябе”, – не звяртаючы ўвагі на жонку, ён выяўляў сцяне хваляванні свайго сэрца.