.
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу - страница 16
Пад раніцу, калі дырэктары і кіраўнікі насычаюцца апошнімі снамі і калі ўсе дошкі складзены, як трэба, на прадбачанае месца, рабочыя дружнай брыгадай падымаюць тост, закусваючы пакамечанымі бутэрбродамі. Часам тосты працягваюцца другой, а нават і трэцяй бутэлькай. Тады таксама працягнуліся, а што было далей, дзядзька Коля не памятае. Праз нейкі час Зінка прынеслася на парог цёткі Любы з клуначкам у руках. “Сын вам нарадзіўся. Гадуйце Булу”, – уручыла клунак, і больш яе не бачылі ні на фабрыцы, ні ў Мястэчку.
– Твой? – пытала цётка, а калі дзядзька Коля ў адказ паціскаў плячыма, лямантавала: «Ага, гарэліца, тваю маць! Яна ж ніколі да дабра не давядзе».
– Наш, – усміхалася бабка Сонька, казычучы маленькі тварык. – Выліты Коля.
– Кажуць – мой, – адказваў. “Можа і так яно”, – намагаўся прыпомніць твар Зінкі.
Цяпер гэты твар быў як рукой падаць, выходзіў са сцяны і напаўняў дзядзьку Колю ўпэўненасцю: гэта было каханне – адзінае, непаўторнае, сапраўднае. Назваўшы яго, зведаўшы і страціўшы, можна жыць далей, хоць не вельмі вядома, навошта.
Тым часам бабка Сонька і цётка Люба не спынялі намаганняў вярнуць Колю сабе і Мястэчку. Засеўшы на кухні, гарталі святыя кнігі. Іх цені, бесцялеснымі абрысамі хістаючыся на сцяне, рабілі ўражанне надчасовасці. У прыпушчанскіх вёсках ёсць такія жанчыны. Недацёпы называюць іх шаптухамі. Але гэта няпраўда. Яны – адлюстраванне вечнасці, якая паглыбляецца сама ў сябе, у пошукі першага слова, універсальнага жэсту, што ў змозе адмяніць усе астатнія словы, затрымаць час або накіраваць яго цячэнне ў карысным сабе напрамку.
Першая шаптуха, запрошаная з суседняй вёскі, пачала з малітвы.
“Як засеяны мак цяжка з зямлі падняць, так цяжка ад маўчання і раба божага Мікалая выратаваць. Як памерлыя ног не ўзнімаюць, так бы і маўчанне на раба божага не ішло. Святы Мікола Угоднік, выратуй раба божага ў вадзе, агні і на зямлі. Амінь”.
Але дзядзька Коля маўчаў чарговыя два дні, як надмагільны камень, і другая шаптуха, пакліканая з іншай вёскі, прапанавала адкрыць малюнак. А калі згарнулі дыван, набрала поўныя лёгкія паветра, дзьмухнула ў распятыя на сцяне ружовыя шчокі, адвярнулася, плюнула пад ногі. Паўтарыла цырымонію і з пурпурнымі саскамі, і з доўгімі да акна нагамі. На заканчэнне ўзяла хустачку, якой выціраліся слёзы цёткі Любы, працерла знерухамелае, напалову мёртвае аблічча дзядзькі Колі гэтай хустачкай і спаліла яе на свечцы, кажучы: – Ты спалі, агонь, мае слёзы гаручыя, загані бяду ў лес дрымучы, хай яна там заблукае і ніколі ў дом не вяртаецца, хай у мужа майго сэрца зжаліцца….
У выніку дзядзька падняўся з тапчана, падступіў да малюнка найбліжэй, як падступіць можна, і, кранаючы пальцам