Вуліца Добрай Надзеі (зборнік). Міхась Андрасюк
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Вуліца Добрай Надзеі (зборнік) - Міхась Андрасюк страница 17
Найбліжэйшай раніцай, памаліўшыся прасвятой Багародзіцы, папрасіўшы прабачэння ў малым граху, які ў канчатковым разліку ратуе ад куды большага зла, яна прыцягнула на сваёй спіне скрынку чыстай гарэлкі. Знайшла маэстра, а ён, крануўшы сцяну чарадзейскім пэндзлікам, пераўтварыў аголеную незнаёмку ў раззораны кветкамі гарод. Ён стаіць там па сённяшні дзень, наперакор тром дзесяцігоддзям, сакавіты і свежы, бо маэстра Зэнік не падманваў ні працай, ні матэрыяламі. Не тое, што другія пакаёвыя маляры, каму не праблема прыкласці да сцяны кардонавы шаблон і хітрай помпай дзьмухнуць туды абыякую фарбу.
Яшчэ і сёння, калі ніхто не бачыць, абапіраючыся на старэчую трысцінку, дзядзька Коля падыходзіць да квяцістай сцяны, працягвае руку, разгортвае пунсовыя макі, снежныя канваліі, дробную, як местачковыя праблемы, мацыёлу. А можа зза пялёсткаў і густога лістоўя пакажацца ж прыгажуня!? Але зараз дзядзька Коля штораз менш упэўнены – была яна сапраўды ці толькі саснілася.
Антон
– Будую дом, ведаеш? – прыжмурыўшы вочы, дзядзька Антон сачыў за спраўнымі рукамі буфетчыцы.
– Ведаю, – адказвала буфетчыца Гандзя і стаўляла на столік надзьмуты пенай куфаль. – Усе ведаюць.
Пасля складаных гістарычных паваротаў людзі ўступалі на шлях будаўніцтва. Хутка наганяючы страчаны час, пространь запаўнялася новымі аднапавярхоўкамі. Але ў гэтых людзей не было нават кроплі шаленства. Памяць нахабна капіравала простыя домікі, узведзеныя ў першыя дні жыцця Мястэчка, павялічваючы адно іх вонкавыя памеры. Тым часам усё нутро, нябачныя душы дамоў, з якіх пачынаецца крок у будучыню, заставалася нязменным.
Дзядзька Антон узводзіў дом, інакшы за ўсе астатнія ў Мястэчку. Калі цесляры дайшлі да месца, дзе звычайна пачынаецца дах, на гэты першы дом ён загадаў паставіць другі. Упоперак да франтальнай сцяны першага паверху. Ужо па гэтай прычыне будынак быў незвычайны.